Бяляцкі распавёў пра адзіны ліст ад дзяржорганаў, дзе яму паведамілі пра Нобелеўскую прэмію

Праваабаронца і былы палітзняволены Алесь Бяляцкі расказаў пра адзіны ліст ад дзяржорганаў, дзе яму паведамілі пра Нобелеўскую прэмію. А таксама чаму выступае за санкцыі супраць рэжыма.

— Прыйшоў ліст з падатковай Першамайскага раёна, дзе я стаю на ўліку. І там было напісана: «Мы даведаліся, што вы атрымалі Нобелеўскую прэмію. Як вы збіраецеся плаціць падаткі? Добра, каб вы іх выплацілі». І гэтак далей, — распавядае Алесь Бяляцкі ў інтэрв’ю ЧестнОК-LIVE. — Адным словам, гэта быў адзіны афіцыйны ліст, у якім я даведаўся пра тое, што я нобелеўскі лаўрэат. Больш ніякіх папер мне не прапускалі і не казалі пра гэта.

Алесь Бяляцкі. Фота: скрыншот Честнок-LIVE

Праваабаронца дадаў, што былы чэшскі пасол у Беларусі, з яго словаў, дасылаў Бяляцкаму віншавальную тэлеграму, але яна да яго не дайшла.

Таксама нобелеўскі лаўрэат патлумачыў, чаму выступае за санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

— Не было б санкцый, мы б яшчэ сядзелі, я ў гэтым цвёрда перакананы. Няма ніякіх прычын для Лукашэнкі вызваляць палітзняволеных. Ён што, стаў такім дабрачынцам? Не. Гэта палітычны гандаль, і ён вымушаны на яго ісці, бо сітуацыя з эканомікай кепская.

Таксама ў яго няма палітычнага прызнання, яго лічаць самазванцам і дыктатарам, які трымае ўладу гвалтам. Адзіная магчымасць выйсці з гэтай цяжкой сітуацыі — пачаць перамовы, што ён і пачаў рабіць. Таму санкцыі працуюць.

Нажаль, рэпрэсіі не спыняюцца і сітуацыя не паляпшаецца. Калі мы хочам вярнуцца ў Беларусь, то павінны настойваць, каб санкцыі захоўваліся і беларускія ўлады былі вымушаны пайсці на лібералізацыю ў Беларусі. Ці зробіць гэта Лукашэнка? Мабыць, не. Я ў гэтым глыбока сумняюся. У яго зараз чыста тактычныя крокі: вызваленне палітвязняў за адмену эканамічных санкцыі. Але мы павінны даціскаць.

Тое, што з'яўляецца зараз маёй місіяй, я тлумачу еўрапейскім палітыкам, што санкцыі мусяць быць накіраваны супраць Лукашэнкі і яго асяроддзя, але беларускі народ не мусіць цярпець ад гэтых санкцый.