«J:МОРС» і «Вольныя купалаўцы» выдалі альбом «Зэкамерон» на вершы палітвязняў
Прэм’ера адбылася ў Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Альбом змяшчае песні на вершы палітвязняў, створаныя адмыслова да аднайменнага спектакля, у якім граюць акторы Алег Гарбуз, Сяргей Чуб і лідэр гурта Уладзімір Пугач.
– Гэтыя песні – пра стойкасць і моц духу. Праз гумар, праз пакуты, але заўсёды – з верай і надзеяй, – адзначае Уладзімір Пугач. – Мая незапланаваная вандроўка ў чароўны сусвет тэатра – проста збег абставінаў. Мы трапляем у пэўны час, у пэўнае месца і побач з пэўнымі людзьмі, нічога асабліва не чакаючы. А потым адбываецца цуд – на тваіх вачах нараджаецца спектакль «Зэкамерон»: ад стварэння сцэнара да прэм’еры.
Песні альбома напісаныя на вершы палітзняволеных Максіма Знака і Андрэя Кузнечыка да спектакля паводле турэмных апавяданняў Максіма. А на акардэоне, які дадаў гучанню гурта новых адценняў, цудоўна грае Уладзімір Пыльчанка – адвакат, які быў пазбаўлены ліцэнзіі за абарону ў судзе Марыі Калеснікавай і калегі-адваката Віктара Мацкевіча, які ў сваю чаргу абараняў Сяргея Ціханоўскага.
Паслухаць альбом можна на ўсіх асноўных лічбавых пляцоўках па спасылцы.
– Я даўно сябрую з Грышам Лайчанкам з гурта PyLai, другой паловай якога з’яўляецца Валодзя, – распавядае Уладзімір Пугач. – Пару гадоў таму яны запрасілі мяне паўдзельнічаць у сваім канцэрце. Валодзя граў на гітары, але на некалькі песень узяў у рукі акардэон і гэта быў проста нейкі цуд. І калі я зразумеў, што на гэтым альбоме мне патрэбны гэты інструмент, я адразу ўзгадаў пра яго. Музыка фантастычнага таленту і чалавек, з якім у нас аказаўся стоадсоткавы мэтч у бачанні музыкі.
«Вольныя купалаўцы» з Уладзімірам Пугачам паказваюць «Зэкамерон» у розных краінах Еўропы ўжо два гады. Амаль заўсёды з аншлагам.
– З вялікай цікавасцю заўсёды прыходжу на першую рэпетыцыю новага спектакля, не разумеючы, як з гэтага стоса папер народзіцца спектакль. Гэтым разам яшчэ нараджаліся і песні, – распавядае Сяргей Чуб. – Скончылася тым, што кожная песня можа жыць як са спектаклем, так і сваім жыццём, бо ёсць свая гісторыя і свой боль.
– Пакуль слухаў альбом, я падумаў, што з беларускай вязніцы, нягледзячы ні на што, выходзяць на дзіва прыгожыя твары мастацтва. Але хочацца, каб адтуль выйшлі ўжо нарэшце ўсе прыгожыя і прыстойныя людзі, – лічыць Алег Гарбуз.
Альбом «Зэкамерон. Песні да спектакля» падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.
Читайте еще
Избранное