Гэта павінна надаць пэўны аптымізм беларускай дэмакратычнай супольнасьці. І няма ніякай фатальнай наканаванасьці — маўляў, лёс Беларусі вырашаецца ў Маскве.
Карбалевіч: «Няма ніякай фатальнай наканаванасьці — маўляў, лёс Беларусі вырашаецца ў Маскве»
Вынікі парлямэнцкіх выбараў у Армэніі ўжо названыя гістарычнымі і лёсавызначальнымі. Бо сумеснымі намаганьнямі і ўнутраных, і вонкавых палітычных суб’ектаў на парадку дня стала праблема геапалітычнага выбару. Армянскія выбары даюць падставы паразважаць пра пэўную навуку для Беларусі, піша на Радыё Свабода палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.
Геапалітычны выбар
Напярэдадні армянскіх выбараў на саміце ЭАЭС у Астане лідэры Беларусі, Расеі, Казахстану і Кіргізстану выступілі з заявай, у якой запатрабавалі ад Армэніі правесьці рэфэрэндум наконт сяброўства гэтай краіны ў Эўразійскім саюзе ці Эўразьвязе. Дзякуючы РФ тэма геапалітычнага вызначэньня выйшла ў гэтай выбарчай кампаніі на першы плян, усе іншыя праблемы былі адсунутыя ў бок.
І можна сказаць, што той рэфэрэндум, на якім настойвалі кіраўнікі краін — чальцоў ЭАЭС, фактычна адбыўся. Пераканаўчую перамогу атрымала партыя «Грамадзянская дамова» дзейнага прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна, якая выступае за дыстанцыяваньне ад Расеі і збліжэньне з Захадам.
Армянскія выбары даюць грунт паразважаць пра пэўную навуку для Беларусі.
Умяшаньне Расеі дало адваротны эфэкт
Перадвыбарчыя сацыялягічныя апытаньні паказвалі іншую карціну, чым тая, якая атрымалася ў выніку. Згодна з дасьледаваньнямі Армянскай службы MPG у канцы траўня, грамадзяне аддавалі партыі Пашыньяна 29% сымпатыяў, а апазыцыі ў суме — 41%. Паводле апытаньня амэрыканскага IRI, кіроўная «Грамадзянская дамова» Пашыньяна мела каля 32% падтрымкі.
Але тут у кампанію ўмяшалася Расея. Забароны на ўвоз армянскай прадукцыі, публічныя пагрозы перакрыць газ ці паўтарыць украінскі сцэнар, ботафэрмы, фэйкавыя сайты, залучэньне армянскай дыяспары ў РФ — традыцыйны набор прыёмаў, якія выкарыстоўвае Масква. З Малдовай гэта ледзь не дало выніку. А вось з Армэніяй атрымаўся амаль зваротны эфэкт.
Ціск Расеі на Армэнію армянскае грамадзтва ўспрыняло не як напад на Пашыньяна, а як атаку на саму краіну, замах на сувэрэнітэт. Быў закрануты армянскі нацыянальны гонар, самалюбства. Гэта дапамагло Пашыньяну выступіць у ролі абаронцы сувэрэнітэту краіны і скансалідаваць на гэтай аснове значную частку грамадзтва.
У выніку расейская атака магла дадаць партыі Пашыньяна калі 20% галасоў, яна займела калі 50% падтрымкі.
Важная навука з армянскіх выбараў палягае ў тым, што на постсавецкай прасторы грубае ўмяшаньне Расеі ў электаральную кампанію дае адмоўны, адваротны эфэкт. Антыімпэрскі нацыяналізм працуе нават у выпадку даволі русафільскай Армэніі.
Расея — таксычная імпэрыя, яна слабее, патэнцыял яе «мяккай сілы» недастатковы, каб утрымаць нават моцна залежныя ад яе краіны, саюз зь ёю беспэрспэктыўны.
Пераасэнсаваньне паразы
Армянскі прыклад — добрая ілюстрацыя да вядомай высновы, што крызіс — гэта ня толькі праблемы, але і магчымасьці. Страта Карабаху, фіяска ў вайне з Азэрбайджанам — вялізная трагедыя армянскага народу. Параза ў вайне прыводзіла да палітычнага краху грандыёзныя палітычныя фігуры мінулага (Напалеон).
Выбітнасьць Пашыньяна ў тым, што ён здолеў экзыстэнцыйную катастрофу ператварыць у чыньнік, які павінен вывесьці Армэнію на новую арбіту разьвіцьця. Ён прапанаваў грамадзтву пераасэнсаваць усю ранейшую канцэпцыю выжываньня, сфакусавацца на неабходнасьці зьмірыцца з мінулым і пачаць жыць будучыняй.
Зьнікненьне карабаскага цяжару дазваляе Армэніі пазбавіцца залежнасьці ад Расеі, дывэрсыфікаваць замежную палітыку, рабіць геапалітычныя развароты, шукаць новыя пункты апоры. І галоўнае пытаньне нядаўніх выбараў не пра цэны на газ ці забарону на каньяк, а пра цывілізацыйны выбар.
Таму важная выснова з армянскай гісторыі апошніх шасьці гадоў: ня бойцеся паразаў, зь іх можна атрымаць навуку, якая выводзіць краіну на вышэйшы ўзровень разьвіцьця.
Ці можна пераадолець залежнасьць ад Расеі
Армэнія, таксама як і Беларусь, моцна залежная ад Расеі. Паміж краінамі ёсьць шчыльныя гандлёвыя стасункі, Расея прадае за льготныя цэны газ, у Армэніі ёсьць расейская вайсковая база.
Тым ня менш высьвятляецца, што, нягледзячы на гэта, Ерэван займеў свабоду выбару, прастору для манэўру, магчымасьць палітычнай гульні між Расеяй і Захадам. Бо пры канфлікце з Расеяй армянскае кіраўніцтва можа абапірацца на народ. Чаго ня можа дазволіць сабе рэжым Беларусі, які выжывае дзякуючы падтрымцы Масквы.
Гэта выклікае нездаровую зайздрасьць, выліваецца ў дадатковае раздражненьне Аляксандра Лукашэнкі.
Беларуская і расейская прапаганда абвінавачваюць Армэнію ў тым, што, маўляў, выбары былі недэмакратычнымі, тамтэйшыя ўлады перасьледавалі апазыцыю. Пуцін і Лукашэнка як абаронцы дэмакратыі — гэта відовішча для багоў.
Такія абвінавачаньні гучыць асабліва пацешна на тле развагаў валадара Беларусі пра тое, што варта падумаць, каб прэзыдэнта выбіраў не народ, а Ўсебеларускі народны сход, і ўвогуле варта вярнуцца да кіроўнай ролі адной партыі.
Няўдалыя ўцёкі сябра Лукашэнкі
Падчас заклікаў з Масквы пералічыць галасы на выбарах здарылася гісторыя з крымінальнай справай супраць мясцовага алігарха, лідэра партыі «Квітучая Армэнія» Гагіка Царук’яна, які спрабаваў вылецець з Армэніі, але праваахоўныя органы не дазволілі яму гэтага.
Паказальна тое, што яго партыя на апошніх выбарах не прайшла ў парлямэнт, бо ёй не хапіла 20 галасоў, каб пераадолець плянку ў 4% электаральнай падтрымкі.
Здавалася б, у такой сытуацыі лідэр партыі мусіў бы заставацца ў краіне і ўпарта змагацца за пералік выбарчых бюлетэняў. Быў бы невялікі шанец, што ўдасца знайсьці гэтыя 20 галасоў, каб трапіць у парлямэнт. А ён у гэты крытычны момант хацеў зьбегчы. Выглядае, што ён сам ня надта верыць у вэрсію фальсыфікацыяў.
За гэтым алігархам цягнецца і беларускі сьлед. Мэдыя называюць Гагіка Царук’яна «сябрам Крамля». А ён сам аб’яўляў сябе сябрам Лукашэнкі.
Тэлеграм-канал «Баграмян 26» называе Царук’яна «прабеларускім алігархам». У 2010 годзе ён падарыў малодшаму сыну Лукашэнкі чатырохсотлітровую (!) бочку каньяку з наказам адкрыць яе ў дзень вясельля Мікалая. Бочка нібыта да гэтага часу на захоўваньні ў Ерэване. Праз шэсьць гадоў Царук’ян падарыў сыну Лукашэнкі чатырох ільвоў, двух зь якіх трымалі ў менскім заапарку.
Як называюцца такія дарагія падарункі сыну найвышэйшай службовай асобы — пытаньне да юрыстаў.
Чым аддзячыў свайму сябру Лукашэнка? Высьвятляецца, што сын бізнэсоўца Нвэр Царук’ян, які ўжо два гады знаходзіцца ў вышуку па абвінавачаньні ў хуліганстве і рабаваньні, хаваецца ў Беларусі.
Пакуль беларускія ўлады яго не выдаюць, хоць быў афіцыйны зварот генэральнага пракурора Армэніі. Так пераплятаюцца палітыка і крымінальная хроніка.
Читайте еще
Избранное