А я слухаю гэта ўсё і аніяк дапетрыць не магу: чаму ўсе гавораць пра перамогу над страхам, і ніхто — пра перамогу... над уласнай абыякавасьцю?
Руселік: «Што рабілі астатнія мільёны, пакуль сотні тысяч выходзілі на вуліцы ў 2020-м — няўжо ж баяліся?»
Валера Руселік на Budzma.org зазірае ў вочы беларускаму нацыянальнаму страху і бачыць там... зусім іншае.
Адныя кажуць, што баяцца найперш невядомага. Іншыя — наадварот: маўляў, мы не берамося за аголены провад не таму, што ня ведаем, ці шыбане нас токам, а як раз-ткі таму, што ведаем, што можа шыбануць. У кожным жа выпадку гаворка — пра страх, якім можна патлумачыць літаральна ўсё. Вось толькі ці не хаваецца за гэтай унівэрсальнасьцю страху штосьці яшчэ больш страшнае?
Прызнаюся: я не заўжды разумею таго, што чую вакол сябе. Да прыкладу, што нам, беларусам, трэба перамагчы нейкі там страх. Ну, то-бок мы чагосьці там баімся, а таму чагосьці там ня робім альбо робім неяк няправільна. Па-беларуску не размаўляем, бо — баімся. Лукашэнку ня скідваем, бо — баімся. Ну і гэтак далей.
А дакладней — ня мы, а нейкія іншыя беларусы. Гіпатэтычныя.
Ну і, робяць адпаведную выснову аўтары падобных выказваньняў, галоўнае — перамагчы гэты татальны і ўсюдыісны страх. І вось тады-та зажывём!
Колькі сябе памятаю, заўжды спраўджваў падзеі, зьявы, учынкі на праўдзівасьць і адэкватнасьць з дапамогаю ўсяго аднаго простага тэсту — ці ёсьць гэтым падзеям, зьявам, учынкам нейкае лягічнае тлумачэньне. Ну вось, да прыкладу. На свае пастаянныя заклікі карыстацца роднай мовай я пастаянна чую ад сваіх суайчыньнікаў і суайчыньніц — і на радзіме, і ў эміграцыі — адное і тоесама апраўданьне: маўляў, страшна.
І калі першых зразумець вельмі проста (мяне й самога міліцыянты двойчы забіралі ў пастарунак, папросту пачуўшы маю беларускую гаворку — і гэта яшчэ ў тыя «бяззубыя», «мяккія» нулявыя, не ў параўнаньне зь цяперашнімі рэаліямі!), то зразумець, чаго можна баяцца, жывучы ў вольным сьвеце — вышэй за мае здольнасьці.
Зрэшты, і наконт самой Беларусі лёгіка ўсё-ткі кульгае — штораз, калі я сустракаю ў Сеціве чарговага тыктокера, які ладзіць на менскіх вуліцах беларускамоўныя віктарыны, альбо блогерку з расповедамі пра сваё жыцьцё-быцьцё дзе-небудзь у Горадні альбо Пружанах — зноўку ж, на роднай мове.
То-бок неяк жа ж можна і на радзіме размаўляць па-наску й не баяцца. Не адмаўляючы пры гэтым аб’ектыўных рызыкаў суіснаваньня з варожым беларускафобным рэжымам унутры краіны і зь ня менш варожым суседам-вар’ятам за ўсходняй мяжою.
Наагул страх можа быць і гэткай зручнай маскай, спосабам хутка й дзейсна адмахнуцца ад некамфортнага пытаньня, захаваўшы пры гэтым твар: маўляў, адчапіся ты, не дуры мне галавы — баюся я! Ну і ўсё, не палезе гэты «баязьлівец» у Нёман мячык дастаць, ня пойдзе супакоіць хулігана, не напіша скаргу ў выканкам, ня купіць дзіцяці беларускамоўную кніжку — баіцца чалавек, што ж ты тут паробіш. Пакіньце яго ў спакоі!
Зручна, праўда? Хаця насамрэч-та можа быць інакш: «Ат, німа работы!».
Урэшце, дзіўнаваты кантраст атрымліваецца паміж цяперашняй тэзай пра ўсеагульны страх, пра запалоханасьць, пра нацыю баязьліўцаў і нашай гераічнай гісторыяй. Бясконцыя войны й паўстаньні супраць прыгнятальнікаў, калі літаральна кожнае пакаленьне ўздымалася і ішло паміраць, каб жыла Бацькаўшчына.
Ці ж ня гэтых мужных людзей мы ёсьць нашчадкамі, а кагосьці іншага? Дый няўжо ж нашыя рэаліі страшнейшыя за іхныя? Вядома ж, не.
Папросту гісторыю пішуць найперш тыя, хто перамог ня толькі ўласны страх, але і ўласную абыякавасьць.
Ці баяліся тысячы менчукоў, якія штодня праяжджалі на «сотцы» міма Плошчы Каліноўскага ў 2006-м і разглядалі нас, купку зьмерзлых пратэстоўцаў, якія былі стаялі раўнюсенька насупраць аўтобуснага прыпынку? Альбо тыя, каго ў часе кожнае акцыі было ў некалькі разоў больш за дэманстрантаў і хто чакаў на бясьпечнай адлегласьці праз дарогу, выцягнуўшы з кішэняў тэлефон, каб зьняць, як «вот сейчас прибежит ОМОН и наваляет змагарам» — ці страшна ім было тады?
І што рабілі астатнія мільёны, пакуль сотні тысяч выходзілі на вуліцы ў 2020-м — няўжо ж баяліся?
Наўрад ці. Чамусьці мне здаецца, што ім было папросту напляваць. І гэтая вось абыякавасьць насамрэч куды страшнейшая за самы страшны страх.
Дык можа, варта перамагчы найперш яе?
Читайте еще
Избранное