«Якую вялікую спадчыну ён нам пакінуў». У Варшаве развіталіся з Аляксандрам Мілінкевічам
Беларусы прыйшлі аддаць даніну памяці выбітнаму палітыку і сапраўднаму патрыёту Айчыны.
Людзі бясконцым патокам цягнуліся да Архікафедральнага сабора Святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве.
Адным з першых кветкі прынёс экс-палітвязень Віктар Бабарыка. Выказала шчырыя словы спачування ўдаве палітыка Іне Кулей і Святлана Ціханоўская.
Таксама развітацца з Аляксандрам Мілінкевічам прыйшлі гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў, палітыкі, журналісты і грамадскія дзеячы Франак Вячорка, Аляксей Янукевіч, Юрась Меляшкевіч, Павел Мажэйка, Юлія Чарняўская, Аляксандр Фядута, Сяргей Чалы, Андрэй Вардамацкі, Павел Латушка, Уладзімір Лабковіч, былая палітзняволеная Алена Гнаук.
Вянкі на развітанне з палітыкам даслалі прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, прэм’ер-міністр Дональд Туск, а таксама Міністэрства замежных спраў Польшчы. Таксама ёсць вянкі ад каманды Беларускага дома, ад выкладчыкаў, студэнтаў і супольнасці Вольнага беларускага ўніверсітэту. На адным з вянкоў напісана: «Ты назаўсёды застанешся сэрцам і душой нашай».
Паводле рашэння прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага, Аляксандр Мілінкевіч быў пасмяротна ўзнагароджаны афіцэрскім крыжам ордэна «За заслугі перад Польшчай». Узнагароду ўручылі яго ўдаве Іне Кулей.
З прамовай у памяць пра Аляксандра Мілінкевіча выступіла лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская.
— Аляксандра Мілінкевіча немагчыма было не любіць. Ён быў чалавекам рэдкай інтэлігентнасці, меў надзвычайную эмпатыю і павагу да кожнага. Умеў слухаць і чуць. Я памятаю, што кожны раз, калі мы з ім размаўлялі, яго першае пытанне заўсёды было: «Як дапамагчы?». І ён сапраўды дапамагаў, чым мог.
Для яго ніколі не было толькі «я», былі «мы», былі «разам». У яго быў вельмі рэдкі талент яднаць людзей — тое, чаго вельмі часта не хапае ў палітыцы. Ён быў палітыкам, на якога хацелася раўняцца. У ім беларусы бачылі прыстойнага і адказнага лідара і тую іншую Беларусь: нармальную, несавецкую, еўрапейскую.
Ён не рваўся да пасад: проста ішоў туды, дзе найбольш быў карысны і дзе мог дапамагчы. І праз гэтую якасць яго часта называлі нашым Вацлавам Гавелам.
Многія з тых, хто сёння ў гэтай залі, далучыліся да грамадскай працы пасля 2006 году менавіта дзякуючы Аляксандру Мілінкевічу. А без гэтых людзей не быў бы магчымы і беларускі ўздым 2020 года.
Магчыма, увесь маштаб постаці Аляксандра Мілінкевіча мы зразумеем толькі праз гады. Але ўжо сёння мы бачым, якую вялікую спадчыну ён нам пакінуў — гэта людзі, якіх ён прывёў у беларускую справу, вучні, якім ён перадаў свае веды, ідэі, якія ён сеяў ўсё жыццё і праекты, якія запускаў.
Спадар Аляксандр, дзякуй вам за ўсё тое, што вы паспелі зрабіць. Беларусам будзе вельмі вас не хапаць. Мы працягнем вашу справу, зробім усё магчымае, каб імя ваша жыло і вашыя ідэі знаходзілі новых паслядоўнікаў, а Беларусь — вольная, заможная, еўрапейская, пра якую вы так марылі, стане ўжо рэальнасцю, — адзначыла Святлана Ціханоўская.
Напрыканцы імшы палітыка праводзіў у апошні шлях Вольны хор.
Аляксандра Мілінкевіча пахавалі на варшаўскіх могілках «Павонзкі».
Читайте еще
Избранное