Общество

«Я шукаў не працы, я шукаў заробку»

Яшчэ нядаўна Аляксандр Клачко з пазыўным «Кусь» ваяваў ва Украіне, а цяпер ходзіць на будоўлю з перфаратарам і пракладае інтэрнэт-кабелі. І адчуў дзіўны просты дзэн. Ён таксама расказаў Нашай Ніве, як звыкся з думкай, што яго праблема з ныркамі невылечная.

Аляксандр «Кусь» Клачко. Фота: «Наша Ніва»

Кусь расказаў, як яму жывецца і працуецца з хваробай нырак, чаму добраахвотнікі нават у Еўропе застаюцца «табуяванай тэмай і пра тое, чаму пасля пяці з паловай гадоў эміграцыі ён нарэшце называе сябе шчаслівым, і чаму канечне вернецца ў Беларусь.

«Я шукаў не працу, я шукаў заробак»

Сваю цяперашнюю раўнавагу, кажа Аляксандр, ён знайшоў на звычайнай будоўлі.

Цяпер былы добраахвотнік пракладае інтэрнэт-кабелі ў новых будынках. Ён аформіўся як індывідуальны прадпрымальнік, а яго асноўныя інструменты — перфаратар, шрубакрут і драбіны.

Работу ён знайшоў выпадкова. У канцы сакавіка Клачко ездзіў ва Украіну на пахаванне добраахвотніка «Дзіра». У адной з размоў згадаў, што шукае працу, і суразмоўца даў яму некалькі кантактаў. Вярнуўшыся ў Літву, Аляксандр патэлефанаваў, прайшоў сумоўе і выйшаў на будоўлю.

Да гэтага ён разглядаў іншыя варыянты. Атрымаў літоўскія правы, цікавіўся таксі. Але каб вазіць пасажыраў, яму неабходна было б спачатку два гады ад’ездзіць з літоўскімі правамі. Іншыя вакансіі прапаноўвалі пераважна 1400‑1600 даляраў, для Літвы гэта менш за сярэдні заробак.

— Я шукаў не працы, я шукаў заробку. Працу я магу знайсці, варыянтаў шмат. А будоўля стала аптымальным варыянтам. Тут можна зарабіць каля 2400 даляраў чыстымі за месяц, — тлумачыць Аляксандр.

Спробай стварыць уласную крыніцу даходу быў сувенірны брэнд «Кусь», які Аляксандр запусціў у 2024 годзе разам з віленскай крамай A2 Print. На кубках, майках і торбах з’явілася кацяня з заклікамі «Зрабі кусь за бел-чырвона-белую Беларусь», «Пачні з мовы» ды іншымі слоганамі. Дзесяць працэнтаў выручкі абяцалі пералічваць на дапамогу беларускім добраахвотнікам. Аднак даходу такое рамесніцтва не дае:

— Пахадзіў на некалькі кірмашоў. Добра, калі акуплялася хаця б месца.

Аднак цалкам адмаўляцца ад гэтай задумы ён усё ж не хоча. Думае замовіць каля ста кубкаў з кацянём, каб прадаваць або дарыць іх на беларускіх імпрэзах.

Цяпер Аляксандр Клачко працуе на будоўлі стандартныя восем гадзін. Першыя два месяцы, кажа ён, было цяжка, але памалу ўцягнуўся. Будоўля для яго не новая сфера: у Беларусі гэта была яго першая праца — у 17 гадоў ён каля паўгода адпрацаваў будаўніком. Пазней самастойна рабіў рамонты, шпакляваў, тынкаваў і фарбаваў. Перфаратар і шрубакрут, жартуе ён, заўсёды лічыў базавымі хатнімі інструментамі.

Аляксандр Клачко на працы. Фота з яго ўласнага архіву

Цяперашняя работа задавальняе яго не толькі заробкам. На фоне рэпрэсій і вайны магчымасць бачыць канкрэтны вынік уласных высілкаў аказалася спосабам разгрузіць галаву і псіхалагічна пераключыцца:

— На будоўлі годныя і нармальныя людзі, а мярзотнікі сустракаюцца і ў кабінетах — мне здаецца, там іх нават больш. Тут ты разумееш, за што працуеш: ёсць канкрэтная задача, і галава адпачывае. Маральна я на працы ўвогуле не стамляюся, фізічна бывае па-рознаму.

Разам з ім працуюць пераважна беларусы, у тым ліку палітычныя ўцекачы. На вялікіх аб’ектах ён сустракае літоўцаў, украінцаў і выхадцаў з Цэнтральнай Азіі. Пра сваё ваеннае мінулае Клачко без нагоды не расказвае, палітычных поглядаў калег таксама спецыяльна не высвятляе:

— Праца неяк аб’ядноўвае. Ты залежыш ад таго, хто паставіць сцяну, а нехта пасля залежыць ад таго, калі і як ты пракладзеш кабель. Таму ўсе засяроджваюцца на супольнай справе і асабліва не выпінаюць сваіх поглядаў.

Затое Аляксандр заўважае дробязь, з якой складаюцца будні на аб’екце. Ён назваў тры рэчы, якія яму не падабаюцца на новай працы: расійскія песні з дынамікаў, цыгарэтны дым і чужыя падэшвы на толькі што пракладзеных кабелях.

Упершыню пачуўшы на літоўскай будоўлі рускую мову з калонкі, ён, паводле ўласнага прызнання, «унутрана напружыўся, як перад момантам, калі трэба кідацца ў бойку». Прыслухаўшыся, зразумеў: рабочы ўключыў літоўскае рускамоўнае радыё, а не расійскую прапаганду:

— Цяпер, калі чую, падсвядома сканую: «маскоўшчына» ці проста «расейшчына»? Калі другое — не чапаю. Хаця трохі свярбіць.

Асобна Клачко назірае, як рабочыя абыходзяцца з раскладзенымі па бетоннай падлозе кабелямі. Адны акуратна іх пераступаюць, іншыя ідуць проста па іх, быццам пад нагамі нічога няма. Для яго ў гэтым найперш праяўляецца стаўленне да чужой працы:

— Я пераступаю. Для мяне гэта чыйсьці высілак, час і вынік. А нехта ўспрымае ўсё, што ляжыць пад нагамі на будоўлі, проста як частку рэльефу.

«Лекары забаранялі нават шмат хадзіць, але так можна легчы і памерці»

Цяпер у Літве Аляксандру прызналі ўжо 50% страты працаздольнасці, раней было 45%. Такі статус яму далі на два гады. Праблемы з ныркамі ў яго былі і раней. Яшчэ ў Беларусі праз іх ён лічыўся непрыдатным да вайсковай службы. Рэзкае пагаршэнне адбылося ўжо падчас вайны ва Украіне, пад Бахмутам. У снежні 2022 года Клачко начаваў на пазіцыі ў акопе на марозе. Спальных мяшкоў хапіла не ўсім, ён моцна перамёрз:

— Думаю, што тая ноч запусціла працэс. А канчаткова з ныркамі стала кепска ў лютым, калі мы жылі ў сырым падвале ў Часавым Яры. Марозны, сонечны дзень, а спускаешся начаваць у падвал – і затхласць адразу б’е ў нос. Мы ўсе хварэлі: тэмпература каля 38, моцны кашаль. Але вып’еш таблеткі і ідзеш працаваць далей. Яшчэ жартавалі, што ў нас не батальён «Волат», а батальён «Амікрон».

Цяпер у мяне другая група інваліднасці праз незваротнае пашкоджанне нырак. Час і правільна прызначанае яшчэ ва Украіне лячэнне дазволілі мне выйсці з гэтай барацьбы не на дыялізе і не з першай групай інваліднасці. Ва Украіне я прымаў па 17 таблетак штодня, пазней літоўская нефролаг істотна спрасціла схему лекавання — да двух таблетак.

Аляксандр Клачко ў Бахмуце. Студзень 2023 года

Самой хваробы ў паўсядзённым жыцці ён амаль не адчувае: ныркі не баляць. Пра пагаршэнне можна даведацца толькі з рэгулярных абследаванняў. Аляксандр цалкам адрокся алкаголю, сочыць за харчаваннем — абмяжоўвае соль, вострую ежу і прадукты з вялікай колькасцю калію і фосфару, а таксама імкнецца пазбягаць пераахаладжэння. А вось рэкамендацыю адмовіцца ад фізічных нагрузак ён вырашыў не выконваць:

— Мне нават шмат хадзіць забаранялі. З 2023 года я перастаў бегаць, падцягвацца і адціскацца, хоць раней любіў гэта. Стараўся ўвогуле не даваць нагрузкі на ныркі. Але калі проста ляжаць і думаць: «Госпадзе, што ж са мной будзе», — так можна лежачы і памерці.

Прыкладна паўтара года таму Клачко пачаў хадзіць у басейн, бо палічыў плаванне больш ашчаднай нагрузкай і карысным для спіны. А нядаўна, ужо пасля выхаду на будоўлю, насуперак парадам дактароў пайшоў яшчэ і ў трэнажорку:

— Пакуль вырашыў не вельмі прыслухоўвацца да лекараў. Ужо трошкі сябе адпусціў у гэтым сэнсе. Я не магу проста ляжаць: маральна буду адчуваць сябе некамфортна. Мне трэба рухацца, працаваць, зарабляць і мець матэрыяльны падмурак.

У першыя месяцы на будоўлі Аляксандр перайшоў на строгую дыету, і сон палепшаў. За два месяцы ён схуднеў з 93 да 81 кілаграма:

— Я ўжо пачаў перажываць, што вага так хутка адыходзіць. Але потым яна стабілізавалася. Цяпер нават некалькі кілаграмаў набраў, ужо здаровых, за кошт трэнажорнай залы.

Аляксандр разумее, што яго хвароба незваротная, яна можа прагрэсаваць і калісьці яму могуць спатрэбіцца дыяліз і трансплантацыя. Ён часта ўспамінае словы кіеўскага нефролага:

— Доктар сказаў: «Без нагі ты мог бы пражыць сто гадоў, а са сваімі ныркамі ста гадоў не пражывеш».

Аднак ён не шкадуе пра рашэнне паехаць ва Украіну і не хацеў бы абмяняць свой досвед на здароўе:

— Я лепш застануся са сваімі пашкоджанымі ныркамі, але з тым шляхам, які прайшоў. Не хацеў бы памяняцца з чалавекам, у якога ёсць праца, дом, сям’я і здароўе, але які адседзеўся ўбаку, калі ўсё гэта адбывалася. Гэта мой шлях, і я не хачу мяняць яго на іншы. Як казаў мой пабрацім: «Усе мы памром, але не сёння».

Каляндар «Мова вольных» на фоне графіці з Каліноўскім у падвале пад Бахмутам. Фота Аляксандра Клачко

«На вайне мы героі, а пасля вяртання становімся табуяванай тэмай»

Пасля вяртання з вайны Аляксандр аддаў даніну і палітыцы — стаў дэлегатам трэцяга складу Каардынацыйнай рады. Прызнаецца, што яшчэ на старце не меў адносна яе асаблівых ілюзій: свой удзел параўноўваў з набыццём білета на карабель, які рухаецца не ў тым кірунку і паступова ідзе на дно. Але ён спадзяваўся, што зможа паўплываць на курс КР, у тым ліку прасоўваць тэмы беларускіх добраахвотнікаў і ветэранаў.

Аднак паўтара года ўнутранай барацьбы толькі час забралі. У наступны склад КР Клачко не пайшоў, але падкрэслівае, што палітыкі не зракаецца:

— Калі я ішоў у КР, то разумеў, што атрымаю шмат бруду і негатыву, што хтосьці ад мяне нават адвернецца. Так у выніку і адбылося. Я ад пачатку не чараваўся, таму пазней і не расчараваўся, хоць часам думаў пра некаторых «Што гэтыя людзі робяць у палітыцы?» Пазней я азірнуўся і падумаў: адкуль у мяне на ўсё гэта быў час? Столькі высілкаў, столькі энергіі забіралі гэтыя ўнутраныя войны. На халеру мне КР, калі я магу рабіць патрэбныя рэчы без гэтай бясконцай барацьбы?

Аляксандр мяркуе, што ў найбліжэйшыя гады сітуацыя ў Беларусі радыкальна не зменіцца. Таму цяпер хоча захаваць сілы да моманту, калі з’явіцца рэальная магчымасць паўплываць на падзеі:

— Цяпер я проста збавіў абароты і перайшоў у рэжым захавання энергіі. Даўно зразумеў, што гэта марафон, а не спрынт. З маёй хваробай мне асабліва важна не сысці з дыстанцыі раней за час, захаваць сябе да моманту, калі пачнуцца гістарычныя падзеі, калі мой удзел сапраўды можа нешта змяніць.

Цяпер сваю грамадскую актыўнасць ён засяродзіў на тым, што лічыць найбольш канкрэтным і неабходным, — дапамозе беларускім добраахвотнікам, ветэранам і іх сем’ям. У 2025 годзе ён разам з жонкай зарэгістраваў у Літве дабрачынную арганізацыю «Кусь». У яе межах з’явілася ініцыятыва «Росквіт».

Аляксандр Клачко са сваёй жонкай Любоўю. Фота з яго ўласнага архіву

Адным з першых кірункаў стала псіхалагічная дапамога ветэранам і іх блізкім. Ідэя ўзнікла пасля званка ад жонкі аднаго з добраахвотнікаў:

— Яна патэлефанавала Любе і проста плакала, расказвала, як ёй цяжка. Мы баяліся, што гэта можа стаць яшчэ адной ахвярай вайны, ужо не на фронце, а ў Вільні. Пагаварылі з іншымі людзьмі і зразумелі, што патрэба ў псіхалагічнай падтрымцы вельмі вялікая.

Першыя дзве тысячы еўра на праграму выдаткаваў Bysol. На гэтыя грошы аплацілі 49 сеансаў для сямі ветэранаў і членаў іх сем’яў. «Кусь» таксама дапамагаў асобным былым ваярам з медыцынай, дакументамі і часовым жыллём.

— Максімальны збор, які мы здолелі закрыць самастойна, — паўтары тысячы еўра на псіхалагічную дапамогу. Разавыя зборы, якія нам пад сілу, — прыкладна па 500 еўра. Гэта невялікія грошы, але яны могуць вырашыць канкрэтную праблему канкрэтнага чалавека.

Цяпер арганізацыя збірае грошы на стаматалагічную дапамогу. Каманда апытала каля 40 беларускіх ветэранаў, і 26 з іх паведамілі пра праблемы з зубамі:

— Ёсць людзі, якім фактычна няма чым жаваць. Я сам ведаю, што гэта такое. Новы 2023 год сустракаў у падвале пад Бахмутам. Хлопцы накрылі добры стол, а я выбіраў толькі тое, што не трэба жаваць, бо жавальныя зубы пасыпаліся на вайне.

Агульную патрэбу ацанілі больш як у 100 тысяч еўра, але пасля кансультацыі з Bysol вырашылі збіраць грошы паэтапна. Мэта першага збору — 10 тысяч еўра.

Былы каліновец Аляксандр «Кусь» Клачко трымае плакат з беларускімі ваярамі — загінулымі і ўзятымі ў палон.

Аднак збор грошай Аляксандр ставіць толькі на другое месца. Галоўнай праблемай ён называе прорву паміж беларускімі ветэранамі і грамадствам:

— На вайне мы героі, а калі вяртаемся ў мірнае жыццё становімся табуяванай тэмай. Нават беларускія палітыкі ў Еўропе — адзінкі — могуць уголас вымавіць словы «добраахвотнік» або «ветэран».

Паводле Клачко, еўрапейскія палітыкі і фонды часта адносяць любую дапамогу былым добраахвотнікам да «вайсковага кейса». Праз гэта яны могуць не ўпісвацца ў звычайныя гуманітарныя і сацыяльныя праграмы.

Ён лічыць, што такая асцярожнасць звязаная з самой вайсковай біяграфіяй добраахвотнікаў: еўрапейскім структурам прасцей дапамагаць уцекачам або ахвярам рэпрэсій, чым людзям, якія добраахвотна ўзялі ў рукі зброю. У выніку па-за праграмамі падтрымкі застаюцца і былыя ваяры, і іх сем’і.

Акрамя дапамогі канкрэтным людзям, «Кусь» спрабуе дамагацца сістэмных рашэнняў. Клачко вылучае два асноўныя: выплаты ад Украіны сем’ям загінулых беларускіх добраахвотнікаў і асобны статус для замежнікаў, якія ваявалі за Украіну, у краінах іх пастаяннага пражывання, каб «былыя добраахвотнікі і іх сем’і адчувалі, што грамадства ўдзячнае ім за рашэнне абараняць Украіну, за рызыку жыццём, здароўем і сямейным шчасцем»:

— Без статусу мы ніхто. І гаворка не столькі пра льготны праезд або выплаты. Статус — гэта пытанне павагі. Дзяржава павінна паказаць грамадству: гэтыя людзі абаранялі Украіну і адначасова бяспеку Еўропы.

Аляксандр Клачко ў Вільні, мітынг супраць вайны 27 лютага 2022 года

«Я вярнуся ў Беларусь, толькі не ведаю, пры жыцці ці пасля»

Нягледзячы на хваробу, эміграцыю і неабходнасць працаваць на будоўлі, Аляксандр кажа, што цяпер адчувае сябе шчаслівым:

— Я жыву, мабыць, найлепшае сваё жыццё, як бы дзіўна гэта ні гучала. Калі ў тых абставінах, у якіх мы знаходзімся, увогуле можна называць сябе шчаслівым, то я цалкам шчаслівы чалавек. Бывае, іду, дзьме вецер — і хочацца расправіць рукі. Здаецца, што яны, як птушыныя крылы: вецер падхопіць, і паляціш над будынкамі. Вось такі бывае настрой.

Гэтае адчуванне ён звязвае з тым, што пасля пяці з паловай гадоў у эміграцыі жыццё нарэшце стала больш устойлівым. Аляксандр атрымаў у Літве статус уцекача і пастаянны від на жыхарства, змог аформіць індывідуальную дзейнасць і знайсці працу, якая дазваляе самастойна аплачваць жыллё і асноўныя выдаткі:

— Легалізацыя — вельмі вялікая справа. Мне хапае грошай, каб зняць кватэру і больш-менш нармальна жыць, не думаць пастаянна: «Госпадзе, дзе ўзяць грошы на тое ці на гэта?»

Важна і тое, што побач застаюцца блізкія людзі:

— Люба была побач са мной увесь гэты час. Праца, канкрэтныя задачы і падтрымка блізкага чалавека вельмі трымаюць.

Аляксандр Клачко са сваёй жонкай Любай. Фота з яго ўласнага архіву

19 жніўня Аляксандру споўніцца 42 гады. Ён узгадвае, што пасля шпіталя ў 2023‑м адчуваў сябе старым і не разумеў, чым скончыцца хвароба. Цяпер стаўленне да гадоў змянілася:

— У кожным новым годзе жыцця ёсць свая прыгажосць і свой сэнс. У 41 год — свае каштоўнасці і смак, у 42 — іншыя, у 50 будуць трэція. Часам думаю: класна было б зноў стаць маладым і здаровым. А потым разумею, што тады страціў бы досвед і ўвесь шлях, які прайшоў. Я стаў бы іншым чалавекам. Не, я гэтага не хачу.

У Аляксандра засталіся дзве галоўныя мары:

— Адна — духоўная: вярнуцца вольным беларусам у вольную Беларусь. Другая — матэрыяльная. Я яе пакуль не назаву, каб збылася. Дзеля яе шукаю падпрацоўкі і гатовы выходзіць нават па суботах. Таму калі хтосьці можа нешта прапанаваць на падпрацоўку — буду ўдзячны.

Калі Расія зноў паспрабуе захапіць Кіеў або нападзе на Літву, Аляксандр ізноў пойдзе ваяваць, хоць праз хваробу нырак афіцыйна непрыдатны да службы нават у ваенны час:

— Калі расійскія войскі зноў пойдуць на Кіеў ці Расія нападзе на Літву, я ўсур’ёз пастаўлю перад сабой пытанне, ці брацца зноў за зброю і біцца з імі. Не за нейкую асобную краіну як такую, а за тое, каб не перамог «рускі свет».

Аднак галоўную будучыню Аляксандр усё адно звязвае з Беларуссю. Ён верыць, што так ці інакш вернецца на радзіму:

— Я вярнуся ў Беларусь. Адзінае, не ведаю, ці зраблю гэта пры жыцці, ці ўжо мае парэшткі перапахаваюць на могілках у Дамашэвічах пад Баранавічамі, дзе пахаваны мой прадзед. Але я ў любым разе вярнуся.