Политика

Карбалевіч: «Хаўрус Беларусі і Расеі ўсё больш ператвараецца ў асабістую ўнію паміж дыктатарамі»

Сувэрэнітэт у абмен на ўладу. Пра тое, да чаго прывялі 30 год беларуска-расейскай інтэграцыі, піша на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Вынікам 30-гадовай беларуска-расейскай інтэграцыі стала рэальная пагроза сувэрэнітэту Беларусі. Ня толькі палітычны рэжым, але і створаная Аляксандрам Лукашэнкам «беларуская сацыяльная мадэль» могуць выжыць толькі пры ўмове падтрымкі з боку Расеі.

Валер Карбалевіч

Прычыны інтэграцыі

Калі пачалася беларуска-расейская інтэграцыя, пытаньне не такое простае. Пасьля распаду СССР і ўтварэньня незалежнай Беларусі існавала шмат чыньнікаў, якія абумоўлівалі цесны саюз з Расеяй. Акрамя моцнай эканамічнай залежнасьці ад усходняга суседа, прарасейскі вэктар зьнешняй палітыкі Беларусі тлумачыўся таксама сацыякультурнымі фактарамі, скіраванасьцю ў той бок беларускай грамадзкай думкі і масавай сьвядомасьці.

У пэўным сэнсе можна казаць, што расеяцэнтрызм пачатку 1990-х гадоў — гэта комплекс нацыянальнай, дзяржаўнай непаўнавартаснасьці. Сярод беларусаў, у тым ліку ў асяродзьдзі эліты, было шырока распаўсюджанае ўяўленьне, што без падтрымкі з боку Масквы мы загінем.

Таму яшчэ да прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ўрад Вячаслава Кебіча падпісаў з урадам Расеі дамову аб аб’яднаньні грашовых сыстэм.

Вельмі хутка пасьля заваёвы Лукашэнкам улады ў палітычнай кампаніі пад назвай «беларуска-расейская інтэграцыя» зьявіўся яшчэ адзін вельмі важны падтэкст і моцны рухавік. З 1995 году пачаў падспудна праглядацца, а з кожным месяцам усё выразьней выяўляцца плян, які шмат каму здаваўся фантастычным. У Лукашэнкі ўзьнікла гарачае жаданьне стаць прэзыдэнтам абʼяднанай беларуска-расейскай дзяржавы.

Можна сказаць, што заваёва крамлёўскага пасада стала яго ідэфіксам, і зьнешняя (а збольшага і ўнутраная) палітыка Беларусі была ў значнай меры падпарадкаваная рэалізацыі гэтай ідэі.

Барыс Ельцын і Аляксандар Лукашэнка перад перамовамі ў Маскве. 3 жніўня 1994

Лукашэнка гатовы быў зьдзейсьніць своеасаблівы бартэрны абмен: сувэрэнітэт сваёй дзяржавы абмяняць на вышэйшую пасаду ў Крамлі. Такім чынам, Расея, акрамя ўсяго іншага, ператварылася ў прастору для рэалізацыі яго грандыёзных славалюбных плянаў.

У адносінах да праблемы сувэрэнітэту Беларусі, беларускай дзяржаўнасьці заявы Лукашэнкі былі вельмі двухсэнсоўныя, супярэчлівыя, нават узаемавыключальныя — у залежнасьці ад аўдыторыі, палітычнай кан’юнктуры. Ён заблытваў грамадзтва і, здаецца, заблытаўся сам, пэрыядычна заяўляючы то аб непахіснасьці незалежнасьці Беларусі, то аб імкненьні да абʼяднаньня з Расеяй у адзіную дзяржаву.

Лукашэнка сьпяшаўся

Кіраўнік Беларусі настойліва імкнуўся фарсіраваць працэс абʼяднаньня, каб пасьпець да расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных на 16 чэрвеня 1996 года. Ён хацеў у іх паўдзельнічаць, лічачы, што мае рэальныя шанцы стаць прэзыдэнтам беларуска-расейскай дзяржавы.

На фоне старога, хворага, непапулярнага Барыса Ельцына, малады, энэргічны, харызматычны Аляксандр Лукашэнка глядзеўся выйгрышна.

Лукашэнка відавочна сьпяшаўся. Але расейскі прэзыдэнт, угледзеўшы амбіцыйныя намеры свайго беларускага калегі, усяляк тармазіў працэс інтэграцыі.

Да сакавіка 1996 года, за тры месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі каманда Ельцына вырашыла, што кампанія інтэграцыі з Беларусьсю дазволіць яму атрымаць дадатковыя галасы выбаршчыкаў. Каб супрацьстаяць камуністам, Ельцыну трэба было тэрмінова сфармаваць вобраз інтэгратара постсавецкай прасторы. Праект беларуска-расейскай інтэграцыі перайшоў у стадыю практычнай рэалізацыі.

У Лукашэнкі былі свае разьлікі. Старшыня Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі ўзгадваў, што паводле асабістага заданьня Лукашэнкі быў падрыхтаваны дакумэнт аб стварэньні адзінай дзяржавы, а ня нейкага міждзяржаўнага ўтварэньня. Зь ім прэзыдэнт Беларусі і паехаў у Маскву.

Ельцын і Лукашэнка адзначаюць падпісаньне дамовы пра стварэньне Садружнасьці Беларусі і Расеі чаркай гарэлкі. Масква, 2 красавіка 1996

Здарыўся аблом

Вярнуўся Лукашэнка ў сьвяточным настроі і адразу ж падзяліўся з беларускімі тэлегледачамі сваёй радасьцю. Яны з Ельцыным сем гадзін вялі перамовы і дамовіліся «аб утварэньні саюзнай дзяржавы», стварэньні наднацыянальных органаў (у прыватнасьці, урада), рашэньні якіх будуць мець абавязковы характар. Ці то ён сапраўды так зразумеў сэнс дамоўленасьцяў, ці то прыняў жаданае за сапраўднае.

Асаблівую ўвагу прэзыдэнт Беларусі надаў урачыстай цырымоніі падпісаньня дамовы, якая павінна прайсьці «з удзелам расейскага і беларускага народаў, адкрыта, магчыма, на плошчы».

Гэтая заява мела два наступствы. На заклік апазыцыі, найперш, БНФ у Менску на вуліцу выйшла каля 30 тысяч чалавек, якія пратэставалі супраць ліквідацыі беларускай дзяржаўнасьці, што стала пачаткам «гарачай палітычнай вясны». Гэта былі самыя масавыя пратэсты ў гісторыі лукашэнкаўскай Беларусі, не прымеркаваныя і не зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі.

А на наступны дзень Ельцын быў вымушаны дэзавуяваць свайго беларускага саюзьніка, прычым у ня вельмі ветлівай форме: «Пра стварэньне адзінай дзяржавы з Беларусьсю пытаньне не стаіць. Проста нехта нешта пераблытаў».

Дамову аб стварэньні Садружнасьці Беларусі і Расеі падпісалі 2 красавіка 1996 года сапраўды ва ўрачыстай абстаноўцы. Аднак гэта аказалася ўсяго толькі міждзяржаўным саюзам. У прававым сэнсе гэта была дэклярацыя аб намерах, якая не прадугледжвала мэханізмаў для рэальнага абʼяднаньня дзьвюх дзяржаў. На больш шчыльную інтэграцыю Ельцын у той момант ня быў гатовы.

Абодва бакі так сьпяшаліся, што падпісалі недапрацаваны дакумэнт, і гэта пацягнула за сабой шэраг казусаў і непаразуменьняў.

Напрыклад, на ўрачыстай цырымоніі абодва прэзыдэнты па-рознаму называлі міждзяржаўную структуру, якая ствараецца. Пасьля падпісаньня дамовы яна не была апублікаваная, таму што працоўная група працягвала яе дапрацоўваць.

Цягнік расейскай выбарчай кампаніі набіраў хуткасьць, а Лукашэнка застаўся стаяць на плятформе.

Супярэчлівы хаўрус

За 30 гадоў пасьля тых падзей у працэсе беларуска-расейскай інтэграцыі здарылася шмат чаго. У 1997 годзе была падпісаная дамова аб стварэньні Саюзу Беларусі і Расеі. А ў 1999 годзе заключаная дамова аб стварэньні Саюзнай дзяржавы. Але тое было потым.

А вось дамова ад 2 красавіка 1996 году аб утварэньні супольнасьці задала юрыдычныя, палітычныя рамкі для далейшай хады беларуска-расейскай інтэграцыі. Праз год гэтую дату абвесьцілі «Днём адзінства народаў Беларусі і Расеі».

Потым працэс інтэграцыі амаль на 20 гадоў паставілі на паўзу. За гэты час паміж саюзьнікамі здараліся даволі вострыя канфлікты. Былі «нафтавыя», «газавыя», «малочныя» войны, якім спадарожнічалі ўзаемныя інфармацыйныя атакі.

Можна ўзгадаць, што ў 2018 годзе Расея высунула ўльтыматум: альбо Беларусь пагаджаецца на «паглыбленьне» інтэграцыі, альбо РФ адмаўляецца далей субсыдаваць беларускую эканоміку. Два гады цягнуўся той канфлікт, пакуль не здарыліся падзеі 2020 году.

Новы этап інтэграцыі

Пасьля масавых пратэстаў пяцігадовай даўніны падтрымка Расеі стала ключавой умовай утрыманьня Лукашэнкам улады. Таму цяпер палітыка шчыльнага саюзу з РФ для яго ня мае альтэрнатываў.

Вынікам гэтай сытуацыі стаў новы этап інтэграцыі. Залежнасьць Беларусі ад Расеі ва ўсіх сфэрах рэзка ўзрасла, што вядзе да абмежаваньня сувэрэнітэту беларускай дзяржавы, рэзкага звужэньня свабоды манэўру афіцыйнага Менску.

Фармальным адлюстраваньнем такога працэсу сталі 28 «саюзных праграм», зацьверджаных у 2021 годзе. Яны ахопліваюць такія сфэры, як падаткі, мытня, банкаўская сыстэма, энэргетыка, прамысловасьць і інш. За апошнія 3 гады доля Расеі ў зьнешнегандлёвым абароце Беларусі вырасла прыкладна з 50 да 70 працэнтаў.

Асабліва вялікая залежнасьць назіраецца ў ваеннай сфэры. У Беларусі з Расейскай Фэдэрацыяй заключана каля 35 міжнародных дамоваў, накіраваных на каардынацыю сумеснай дзейнасьці ў ваеннай сфэры.

Больш за 40 дамоваў рэгулююць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва дзьвюх дзяржаў. Ствараецца інфраструктура для разьмяшчэньня на беларускай тэрыторыі расейскай ядзернай зброі і ракетнага балістычнага комплексу «Арэшнік». Лукашэнка быў вымушаны падтрымаць поўнамаштабную расейскую агрэсію супраць Украіны.

Узмацняецца ўплыў Расеі ў інфармацыйнай сфэры Беларусі. Усе беларускія дзяржаўныя СМІ паўтараюць расейскія прапагандысцкія наратывы. У выніку грамадзтва Беларусі прымушаецца жыць у рамках ідэалёгіі «русскога мира».

Увогуле ня толькі палітычны рэжым, але і створаная Лукашэнкам беларуская сацыяльная мадэль могуць выжыць толькі пры ўмове падтрымкі з боку Расеі. Бяз танных расейскіх энэргарэсурсаў, фінансавага падсілкоўваньня яна б не змагла доўга існаваць.

Камунікацыя паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным стала рэгулярнай і інтэнсіўнай. Хаўрус Беларусі і Расеі ўсё больш ператвараецца ў асабістую ўнію паміж дыктатарамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)