На гісторыю можа быць толькі халодны позірк з пазіцыі назіральніка, які хоча разабрацца, што было, а не даказаць, што гэта мы мелі рацыю. І самае шкоднае, адкладаць такі халодны позірк на пасля. Маўляў, вот спачатку збудуем нацыю, на міфах, поглядзе без нюансаў, а пасля будзем разбірацца.
Гурневіч: «Гэта добры ўрок і для нас, чым не павінна быць гісторыя»
Журналіст Радыё Свабода — пра тое, як пасварыліся палякі з украінцамі, і што з гэтай спрэчкі могуць вынесці беларусы.
— Гістарычныя спрэчкі ў палітыцы — гэта адна з самых бесталковых рэчаў, якія мне даводзілася назіраць. Бо яны — адна з самых хуткіх запальных сумесяў для нянавісці, — піша Дзмітрый Гурневіч. — Абсурднасць сітуацыі ў тым, што на будучыню ўплывае тое, чаго ўжо няма. Учынкі людзей, за якія мы, цяперашняе пакаленне, не адказваем. І тых людзей даўно няма. Мы – не яны, яны – не мы.
Назіраць, куды гэта можа прывесці, можна на прыкладзе польска-ўкраінскага скандалу вакол пазбаўлення і вяртання Ордэну Белага Арла. Гэта добры ўрок і для нас, чым не павінна быць гісторыя.
Забягаючы наперад, каб без патрэбы не адказваць на прэтэнзіі, што я вучу палякаў ці ўкраінцаў, НЕ. Я хачу паспрабаваць навучыцца на памылцы. Украінцы маюць права даваць імёны сваіх герояў, каму заўгодна. Палякі маюць права абурацца. А я маю права назіраць і матаць на вус.
Калі я быў студэнтам, то жыў разам з хлопцамі з заходняй Украіны. Для іх УПА было старонкай гонару. Адначасова яны не мелі паняцця, што гэтыя людзі былі датычныя і да масавых забойстваў палякаў на Валыні.
Яны не прыкідваліся, яны сапраўды не мелі ўяўлення. Я і сам пачуў пра гэта ўпершыню ў Польшчы. Ганарыліся яны выключна тым, што іх дзяды змагаліся з камуністамі. Пра Валынь яны пачулі ўпершыню ў Польшчы, але глядзелі на гэта падазрона.
Тым часам Украіна шмат гадоў блакавала раскопкі на месцы злачынства, не хацела гэта прызнаваць. І зараз я думаю, а што было б, калі ва Украіне гэта ад пачатку не было тэмай табу, калі б пра гэта казалі так як ёсць, прызналі, не адмаўлялі.
Магчыма тады ад пачатку палякі б убачылі добрую волю і праяўленне эмпатыі да іх памяці. Так не сталася.
У палякаў усё гэта выклікала справядлівае абурэнне і непрыняцце. Можна шмат казаць, што гэта выкарыстоўваюць палітыкі. Але гэта быў і жывы боль. Я размаўляў з людзьмі, далёкімі ад польскага нацыяналізму, назавём іх касмапалітамі і левалібераламі. Пры тэме Валынскай разні ў іх запальваліся вочы. Бо гэта непадробленая траўма.
Яны хацелі эмпатыі з іншага боку, каб іх зразумелі. Ці можна было ўкраінцам яе вырашыць? Думаю, што так.
Усё, што адбывалася пасля 2022 года, калі палякі прынялі мільёны ўкраінцаў, сведчыла аб тым, што старая гістарычная спрэчка сябе вычарпала. Вельмі шкада, што спыніла гэты працэс тое, чаго ўжо няма — гісторыя.
Таму для мяне відавочна, што не павінна быць ніякай рамантызацыі гісторыі, міфатворчасці для ўзняцця духу пры дапамозе герояў і падзей, дзе даводзіцца разбірацца ў тысячах нюансаў і заплюшчваць вочы на сотні, якія нам не пасуюць.
Вышэй я апісаў роўна такі прыклад.
Як і ў штодзённым жыцці, у гісторыі людзі за дзень могуць прыняць дзясяткі супярэчлівых рашэнняў, шкадаваць пра іх або не, ненавідзець сябе або слепа не бачыць сваіх паталагічных паводзін, хлусіць, і ў той жа дзень быць па-сапраўднаму святымі.
Ва ўчынках герояў гісторыі часта няма ніякай логікі, акрамя жадання выжыць. Каб выжыць, даводзіцца прымаць самыя страшныя рашэнні.
Таму гісторыя для мяне — гэта не навука пра факты. Гэта навука пра этыку, дзе факты — гэта доказ і прыкмета таго, як людзі прымаюць рашэнні. Пад уплывам каго і чаго, з якой матывацыяй. І таму гісторыя часта дае нам адказы на пытанні сённяшняга дня – як так сталася.
Але адзінае бясспрэчнае, чаму вучыць гісторыя – каб не выкарыстоўваць яе для таго, што нам рабіць заўтра.
Мы не адказныя за нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Адзінае, за што мы адказныя — каб не дазволіць мінулым ранам і траўмам кіраваць заўтрашнім днём. А для гэтага патрэбная памяркоўнасць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное