У Кіеве адкрылася Місія беларускіх дэмакратычных сілаў ва Украіне

Ва ўрачыстай цырымоніі 26 мая ўзялі ўдзел лідарка дэмэкратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі АПК і Каардынацыйнай Рады.

З украінскага боку на адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў, у тым ліку намеснік міністра замежных справаў Украіны Яўген Перабійніс, афіцыйныя асобы і сябры дэмакратычнай Беларусі.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Місія будзе дапамагаць падтрымліваць сувязь з украінскімі інстытуцыямі, працаваць з пытаннямі беларусаў ва Украіне, развіваць супольныя ініцыятывы і ўмацоўваць беларуска-ўкраінскі дыялог. Кіраўніца Місіі — Святлана Шаціліна, прадстаўніца дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская адзначыла:

– Гэтая Місія адкрытая для таго, каб такая праца была больш сталай і бачнай. Каб беларусы ва Украіне ведалі, куды можна звяртацца. Каб украінскія партнёры бачылі, з кім можна працаваць. Каб нашае супрацоўніцтва трымалася не толькі на асобных кантактах, а мела пастаянную пляцоўку.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Нагадаем, што напярэдадні лідарка дэмакратычных сіл Беларусі сустрэлася з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.