Политика

Цыганкоў: «Лукашэнку хочацца сустрэцца з Трампам хоць дзе. Хоць на полі для гольфа, падаваць яму клюшку»

Палітычны аглядальнік — пра тое, як афіцыйны Менск хоча выкарыстаць Коўла. І што насамрэч амерыканцам патрэбна ад тутэйшага рэжыму.

— Навошта Вашынгтону патрэбны Лукашэнка і што хоча афіцыйны Менск атрымаць ад Злучаных Штатаў? Якімі прычынамі выкліканы гэты ўзаемны інтарэс і да якіх наступстваў ён можа прывесці? — задаецца пытаннем Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў

Амаль кожны раз пасля чарговага прыезду Джона Коўла ў Менск некаторыя заяўляюць, што гэта будзе яго апошні візіт сюды. І памыляюцца. Коўл праз нейкую паўзу зноў прыязджае, і зноў вызваляе палітвязняў. І мы вельмі спадзяёмся, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшыя дні – як і было абвешчана, у сярэдзіне верасня.

Бо гэтыя сустрэчы, і ў шырокім сэнсе «амерыканскі трэк», патрэбныя ў той ці іншай ступені абодвум бакам. І, як мне падаецца, Лукашэнку ён значна больш патрэбны, чым Вашынгтону.

Паспрабую разабрацца, што ж хоча Менск ад Вашынгтона і адпаведна, які інтарэс ЗША у Лукашэнку.

Напачатку – што трэба Лукашэнку? Стратэгічна адносіны з ЗША – гэта самы вялікі геапалітычны туз, якога не хапае ў калодзе афіцыйнага Менска, каб адчуваць сябе даволі ўпэўнена ў сусветнай палітыцы і спрабаваць ўраўнаважыць занадта вялікі ўплыў Расеі.

Зразумела, адной з асноўных эканамічных і палітычных мэтаў ёсць канчатковая адмена ўсіх амерыканскіх санкцыяў. Пры тым, відавочна, што на першых этапах перамоваў Лукашэнка яўна марыў, што, калі амерыканцы пачнуць скасоўваць свае санкцыі, за імі пабягуць еўрапейцы, умоўна скажам, брусельскі райкам за вашынгтонскім абкамам. Ён пераацаніў сённяшнюю залежнасць еўрапейцаў ад ЗША, яны абсалютна не пахіснулі сваёй пазіцыі.

Але танцы вакол калійных угнаенняў, патэнцыйныя нават сотні мільёнаў долараў для Лукашэнкі не так важныя, як палітычны і асабісты момант. Яму хочацца сустрэцца з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Хоць як, хоць дзе. Хоць на полі для гольфа, падаваць яму клюшку.

Сустрэча з Трампам – каштоўнасць сама па сабе, але яшчэ больш Лукашэнка хацеў бы, каб яна прывяла да нейкай «вялікай угоды».

Што гэта можа быць за ўгода? Канкрэтыку дагэтуль ніхто так і не раскрыў. Вызваленне ўсіх палітвязняў у абмен на зняццё ўсіх санкыяў? Выглядае, што гэтага Лукашэнку ўжо мала. Як мне падаецца, ён бы хацеў атрымаць ад Вашынгтона асабістыя гарантыі недатыкальнасці. Гарантыі таго, што яго ніхто не будзе гвалтоўна зрынаць, судзіць і караць. Прынамсі, што гэта не будуць рабіць і падтрымліваць амерыканцы. 

Лукашэнка думае пра будучыню – сваю і свайго рэжыму, і ён са сваім чуццём «палітычнай жывёліны» можа адчуваць нават раней за Крэмль, што ў Расеі хутка могуць здарыцца самыя розныя непрыемныя для Пуціна падзеі. Калі ў Расеі штосьці сур’ёзнае пачнецца, то Лукашэнку будзе важна «ўчапіцца» ў ЗША, «аднавіць шматвектарнасць», але пры гэтым не ісці на вялікія саступкі па лібералізацыі свайго рэжыму.

Ёсць і яшчэ адна мара Лукашэнкі, пра якую ён нярэдка кажа, у прыватнасці ў жніўні 2025 ў размове з журналістам часопіса Тайм Сайманам Шустэрам

Сустрэча з Трампам у ЗША – гэта быў бы туз. А перамовы пра заключэнне міра ў Менску з удзелам ЗША, Расеі, Еўропы і Украіны – гэта ўвогуле джокер. Гэта асноўныя пячэнькі, якія Лукашэнка хацеў бы атрымаць ад ЗША, абменьваючы на іх два свае наяўныя козыры – закладнікі-палітвязні і доступ да галавы і думак Пуціна.

А яшчэ таблеткі для пахудання, — гэта таксама нельга забываць.

А што ж трэба Злучаным Штатам ад гэтага дзіўнага дыктатара? Дзеля чаго пасланнік Джон Коўл п’е з ім гарэлку, выліваючы яе на падлогу, каб захоўваць ясны розум?  

Па-першае, вызваленне ўсіх ці большасці беларускіх палітвязняў было б добрай палітычнай перамогай адміністрацыі Трампа. Канешне, не варта думаць, што гэта можа неяк істотна паўплываць на настроі амерыканскіх выбарнікаў — аднак заўважны і гуманітарны замежнапалітычны плюс ніколі не пашкодзіць.

Па-другое. Так, амерыканцы бачылі ў Лукашэнку канал для сувязі з Пуціным. Зусім нядаўна, 28 жніўня, пра гэта даволі выразна распавёў у інтэрв’ю ўкраінскай журналістцы Кіт Келаг, былы спецыяльны прадстаўнік ЗША па Украіне. Келаг падкрэсліў, што галоўная прычына, чаму ЗША гаварылі з Лукашэнкам, было «перадача паведамленняў, каб Пуцін атрымаў правільны сігнал».

Лукашэнка не раз заяўляў, што ніводзін палітык у свеце не ведае Уладзіміра Пуціна лепш за яго. Фактычна ён прапаноўваў свае паслугі ў якасці пасярэдніка і кансультанта для Дональда Трампа, сцвярджаючы, што можа растлумачыць амерыканскаму кіраўніцтву логіку Пуціна і падказаць, як правільна весці з ім дыялог.

Па-трэцяе, набліжаючы Лукашэнку, ЗША хочуць мець гарантыі таго, што Беларусь актыўна не ўступіць у вайну супраць Украіны, і тым больш не стане ўяўляць істотнай пагрозы для сваіх заходніх суседзяў – Літвы, Польшчы і Латвіі. Таксама Вашынгтон хоча мець дадатковы канал для сувязі і інфармацыі на выпадак крызісу ў Расіі.

Ну і самае галоўнае — стратэгічная мэта, пра якую амерыканцы не кажуць услых, але якая праглядаецца даволі празрыста. Вашынгтон правярае, наколькі Лукашэнка гатовы аддаляцца ад Пуціна. Аддаленне Беларусі ад Расеі – стратэгічная задача амерыканскай палітыкі, гэта было і пры першым прэзідэнцтве Трампа, калі ў 2020 годзе ў Беларусь прыязджаў Дзяржасакратар Майк Пампеа, а Беларусь пачала закупляць амерыканскую нафту.

Вашынгтон разумее, што сёння не можа хутка змяніць беларускі рэжым. Але можа паспрабаваць зрабіць так, каб Беларусь не была на 100% расейскім ваенным і палітычным працягам.

Вашынгтон цяпер можа быць зацікаўлены не столькі ў пытанні «Хто заменіць Лукашэнку?» альбо «Як замяніць Лукашэнку?» — колькі ў пытанні «Як зрабіць так, каб Беларусь не была расійскім ваенным плацдармам?» І калі гэта можа забяспечыць Лукашэнка – што ж, будзем размаўляць з Лукашэнкам.

Гэта ўжо не гуманітарная мэта, гэта спроба стварыць паміж Менскам і Вашынгтонам такія сувязі, якія Масква не кантралюе. Чым больш Лукашэнка пачынае размаўляць з Вашынгтонам і аддаляцца ад поўнай залежнасці ад Масквы, тым больш ён становіцца карысным для амерыканцаў. Ён гэта разумее, але пытанне ў тым, наколькі далёка ён можа пайсці гэтым рызыкоўным для сябе шляхам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(8)