«Менавіта ЗША выкруцілі рукі Ўкраіне, Беларусі і Казахстану з патрабаваньнем перадаць ядзерную зброю Расеі»

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык – пра нібыта «празьмерную» дапамогу ЗША Ўкраіне і «гэта ня наша вайна, не Амэрыкі».

– Гэта — і ваша вайна. Пад «ваша» я маю на ўвазе палітычны істэблішмэнт ЗША, незалежна ад партыйнай прыналежнасьці, – піша Навумчык. – Бо ў 1992-94 менавіта ЗША выкруцілі рукі Ўкраіне, Беларусі і Казахстану з патрабаваньнем перадаць ядзерную зброю Расеі (!), паабяцаўшы гарантыі, якія, як выявілася, нічога ня вартыя.

Тое, што ў выпадку наяўнасьці ў Кіева ядзернай зброі не было б ні анэксіі Крыму, ні захопу часткі Данбасу, ні поўнамаштабнай вайны 2022, — не падлягае сумневу.

Сяргей Навумчык

Ні дэмакраты, ні рэспубліканцы не аспрэчвалі мэтазгоднасьць падпісаньня сумнавядомага Будапэшцкага мэмарандуму.

І тым, хто прыгадвае, што ў 1994 у Белым доме быў дэмакрат Клінтан — у сваю чаргу, нагадаю, што да яго прэзыдэнтам быў рэспубліканец Буш-старэйшы, і націск на Кіеў, Менск і Алма-Ату пачаўся пры ім.

А ў далейшым адміністрацыі рэспубліканца Буша-малодшага і дэмакрата Абамы зраўняліся ў захапленьні падпалкоўнікам КДБ на чале Расеі.

Але справа ня толькі ў палітычнай адказнасьці.

У сьнежні 2014 Кангрэс ЗША прыняў Акт «Аб падтрымцы свабоды Ўкраіны». У ім, сярод іншага, вызначалася, што «палітыка ЗША палягае ў тым, каб дапамагчы ўраду Украіны аднавіць свой сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць, каб утрымаць урад Расейскай Фэдэрацыі ад далейшай дэстабілізацыі і ўварваньня ва Ўкраіну і іншыя незалежныя краіны Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі».

Гэта — не заява той ці іншай партыі. Гэта — заканадаўчы акт, прыняты з захаваньнем усіх прадугледжаных Канстытуцыяй ЗША працэдураў, абавязковы для выкананьня ўсімі дзяржаўнымі органамі Амэрыкі, у тым ліку і яе прэзыдэнтам.

Зьвярніце ўвагу на словы «тэрытарыяльная цэласнасьць»: гэта азначае, што ўсялякія спробы падштурхнуць Кіеў да выкананьня патрабаваньня Крамля «мір узамен на тэрыторыі» — супярэчаць прынятаму Кангрэсам закону.

У цяперашняга кіраўніцтва ЗША, калі яно хоча канчаткова адмовіцца ад падтрымкі Ўкраіны, ёсьць толькі адзін варыянт — дамагчыся, каб гэты закон быў або скасаваны, альбо зьменены з сэнсам наадварот.

І гучаў кшталту — «Палітыка ЗША палягае ў тым, каб не дапамагаць ураду Ўкраіны аднавіць свой сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць, каб спрыяць ураду Расейскай Фэдэрацыі ў далейшай дэстабілізацыі і ўварваньні ва Ўкраіну і іншыя незалежныя краіны Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі».

Апошняе палажэньне можна нават дэталізаваць, патлумачыўшы, што Маскве варта захапіць Беларусь, Польшчу, краіны Балтыі. Каб ужо не заставалася ніякіх двухсэнсоўнасьцяў.

Але тады лягічным будзе прызнаць, што каштоўнасьці, за якія змагаліся пакаленьні амэрыканцаў — свабода, дэмакратыя, правы чалавека — для сучаснага амэрыканскага істэблішмэнту нічога ня вартыя. Што яны іх адкідваюць, аддаючы перавагу грошам.

Што на 250-годзе існаваньня як дзяржавы Амэрыку вяртаюць у часы канкістадораў, якія зьнішчылі мільёны ў імя ўзбагачэньня.

Чамусьці не сумняюся, што калі б гэта залежала ад некаторых асобаў на вяршыні ўлады ў ЗША, такую заканадаўчую папраўку прынялі б і такое тлумачэньне зрабілі б. Заявіў жа нядаўна чыноўнік, адмаўляючы чалавеку ў палітычным прытулку і асуджаючы яго на дэпартацыю: «Вас пасадзяць, але ж не заб’юць!». Уявіць падобнае яшчэ некалькі гадоў таму было немагчыма.

Але, на шчасьце, цягам сваёй гісторыі амэрыканцы прабіваліся да свабоды, плацілі за яе жыцьцямі, і зрабілі сваю краіну першай у ліку тых, дзе павага да гуманістычных каштоўнасьцяў зрабілася складнікам ня толькі ўнутранай, але і зьнешняй палітыкі.

Амэрыканскі народ сваё канчатковае слова пакуль не сказаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(51)