«Няма нічога больш страшнага, чым свет, у якім дзеці гуляюць не ў дактароў і школу, а ў паветраную трывогу»

Кіраўнік дабрачыннага фонда «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч, які жыве ў Львове, напісаў пранікнёны пост пра ўкраінскіх дзяцей і сваю маленькую дачку.

— Сёння прыйшоў у садок забраць дачку, — піша Францкевіч. — Дачка папрасіла даць ёй дагуляць у іх гульню і яшчэ крыху пачакаць. Я стаў чакаць.

А потым пачуў:

— Паветраная трывога!

— Хутка ва ўкрыццё!

— Не забудзьцеся ўзяць ежу!

І ў гэты момант нешта абарвалася ўнутры.

Таму што гэта былі не дарослыя.

Гэта былі чатырохгадовыя дзеці.

Дзеці, якія замест казак і прыгод вучацца хавацца ад ракет.

Дзеці, для якіх сігнал трывогі стаў часткай звычайнага дзяцінства.

Мамы моўчкі глядзелі на сваіх дзяцей. І ў кожных вачах было адно і тое ж пытанне:

Калі гэта ўжо скончыцца?

Сёння ў Дняпры расіяне забілі трохгадовае ўкраінскае дзіця (на дадзены моман вядома ўжо пра двух загінулых дзяцей).

Тры гады.

Узрост, калі трэба вучыцца маляваць сонца, а не жыць пад гукі сірэн.

Няма такіх слоў, якія могуць растлумачыць, чаму дзеці павінны паміраць.

Няма такіх прычын, якія могуць гэта апраўдаць.

І няма нічога больш страшнага, чым свет, у якім дзеці гуляюць не ў дактароў, не ў касманаўтаў, не ў школу. А ў паветраную трывогу.

Дзеці павінны запамінаць вершы. А не дарогу да ўкрыцця.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)