Руселік: «Чаму ж вы не разумееце беларускай мовы, калі мы нібыта адзін народ?»

«Салідарнасць» працягвае расказваць пра тое, што нас адрознівае ад расейцаў.

Блогер і журналіст Валер Руселік на сваім канале на YouTube рэгулярна разважае пра адметнасць беларусаў. Не абмінае і гарачую сёння тэму дачыненняў з суседзямі з Усходу. Сваімі думкамі пра тое, чаму Беларусь — не Расія, ён падзяліўся з «Салідарнасцю».

Беларусь таму не Расія, бо ў Беларусі ёсць межы. У Расіі межаў няма. Прынамсі, няма ў іхніх галовах. І калі ўзяць Расійскую Федэрацыю, то як вызначыць, дзе ўласна там Расія? Як быць з тэрыторыямі, якія яны проста захапілі? З народамі, якія яны акупавалі і асімілявалі? Расія — нешта незразумелае, эфемернае.

А Беларусь — гэта вельмі канкрэтная тэрыторыя. Цягам усёй нашай гісторыі нас канкрэтызавалі, у тым ліку і таму, што мяняліся межы. Але ўвесь гэты час акрэслівалася: вось Беларусь, вось яна.

Адрознасць беларусаў ад расейцаў лагічна выцякае з розніцы паміж Беларуссю і Расіяй. Расейцы заўсёды сунуць нос не ў свае справы. Беларусы не такія, яны больш замкнёныя на сабе.

Нам заўсёды ёсць чым заняцца ў сваім доме, без таго, каб лезці ў чужыя справы. Бо ў нас ёсць свае справы, свае ўласныя праблемы, якімі мы займаемся. Галоўнае — каб нас проста не чапалі.

Расейцам да ўсяго ёсць справа. Магчыма, таму, што ў іх няма адчування межаў. Гэтак і ў дачыненні з людзьмі, з іншымі народамі. Ім вечна трэба паўсюль уставіць сваё «я», давесці ўсім, што яны — пуп зямлі.

Нехта скажа, што я тут разводжу русафобію нейкую, а ў мяне ёсць прыклад з уласнага жыцця. Па працы даводзіцца камунікаваць з татарынам з Масквы, які называе расейскую мову сваёй роднай.

Я яму кажу, што мне важна захаваць беларускую мову, выхаваць сына па-беларуску. Што я займаюся сваёй краінай, а што там у вас адбываецца, мяне не датычыць, абы вы да нас не лезлі.

А ён мне на гэта пярэчыць: не, маўляў, спачатку трэба перамагчы Пуціна. Зрабіць так, каб у Расіі былі адэкватныя людзі, нармальныя. Якія больш не будуць пагрозай для суседзяў. Вось тады, маўляў, вы і будзеце сабой займацца.

А я яму адказваю, што ў такім разе я павінен пакласці сваё жыццё на тое, каб  найперш расейцам жылося нармальна, а не беларусам. А ён не разумее, у чым тут праблема.

І вось з гэтага неразумення і вынікае розніца паміж намі. Мы не лезем да іх, не лезем да іншых народаў. А яны лезуць, ставяць сябе на першае месца і лічаць іншых нейкім дадаткам. І гэта датычыць не адных запуцінцаў, ватнікаў-зэтнікаў. Я заўважыў такую рысу ва ўсіх расейцаў, з якімі сутыкаўся.  

Калі б я сустрэў на гарадзенскай вуліцы расейцаў і пачуў пра «адзін народ», то прыгадаў бы, што за апошняе тысячагоддзе нашыя продкі ваявалі між сабой больш за сто гадоў. Які ж гэта брацкі народ, якія ваюе сам з сабой кожныя дзесяць год?

Валер Руселік. Варшава, 26 сакавіка 2022 г. Фота з архіву аўтара

Што гэта — перманентная грамадзянская вайна? Яны ўвесь час лезлі да нас з гэтым сваім «мы адзін народ», а мы з-за гэтага з імі ваявалі.

Ну і на рэшту пытанне: чаму ж вы не разумееце нашай беларускай мовы, калі мы нібыта адзін народ?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(29)