Общество

Што вядома пра масавае затрыманьне ўдзельнікаў «вясёлкавага» фэстывалю

Расейцаў дэпартуюць, «арганізатары» пад пытаньнем. Радыё Свабода расказвае пра пакараньне ўдзельнікаў зьлёту «Сям’я вясёлкі» ля Расонаў у Віцебскай вобласьці.

Затрыманьне пад Расонамі. Фота прэсавай службы МУС РБ

29 ліпеня пад Расонамі на Віцебшчыне міліцыянты затрымалі каля трохсот удзельнікаў штогадовага зьлёту «Сям’я вясёлкі» (Rainbow Family). Яны разьбілі намётавае мястэчка на беразе возера Белага каля вёскі Межна.

«Сям’я вясёлкі» — міжнародны рух, які ўзьнік у ЗША ў 1972 годзе і заяўляе сябе як аб’яднаньне прыхільнікаў міру, жыцьця на прыродзе і адмовы ад спажывецтва. Зьлёты звычайна праводзяць у маланаселеных месцах. Паблізу вадаёмаў ставяць намётавыя мястэчкі.

Як расказаў Свабодзе абазнаны ў сытуацыі беларус Антон (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы, — РС), у Беларусі такія зьлёты ладзілі штогод цягам апошніх 16 гадоў. Сустрэчы праводзілі ў розных месцах. Людзі зьбіраліся у пэўным месцы на прыродзе і адзін месяц жылі разам.

«Праводзяць майстар-клясы адно аднаму. Граюць музыку, танцуюць, займаюцца рукадзельлем. Гэта прастора, свабодная ад алькаголю, наркотыкаў і мяса. Кухня толькі вэгетарыянская. Лес заўсёды застаецца некранутым пасьля гэтых сходаў», — расказаў суразмоўца, як могуць выглядаць такія сустрэчы.

60 расейцаў, 26 дзяцей

Першымі пра маштабнае затрыманьне паведамілі праваабаронцы «Віцебскай Вясны». Паводле іх, міліцыянты пад Расонамі затрымалі каля 350 чалавек.

«Людзей затрымлівалі цэлымі сем’ямі. Вядома, што разам з дарослымі ноч у ізалятары былі вымушаныя правесьці і некалькі дзяцей», — гаварылася ў паведамленьні.

Пазьней інфармацыю пра затрыманьне больш як 300 чалавек пацьвердзілі і ў Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі. Паводле прэс-службы МУС, у намётавым лягеры былі ў тым ліку дзеці й іншаземцы.

На месцы лягеру. Фота МУС РБ

Як напісаў канал «Расоны онлайн», усяго ў лягеры знаходзіліся 277 чалавек: 251 дарослы і 26 дзяцей. Паводле раённага інтэрнэт-каналу, гэта былі гіпі з розных рэгіёнаў Беларусі і 60 чалавек з Расеі.

«Усіх затрыманых разам з маёмасьцю выправадзілі зь берагу. Да высьвятленьня абставінаў людзей разьмясьцілі ў Расонах: у мясцовым Доме культуры і ў фізкультурна-спартовым клюбе «Старт», — паведамляў раённы канал.

Шум, вогнішчы, голыя людзі

Прычынай рэйду на масавую імпрэзу МУС назвала паведамленьне на лінію 102 пра «шумны сход на беразе возера зь вялікай колькасьцю людзей».

«Сабраўшыся, паставілі намёты, разьвялі вогнішчы і зладзілі гуляньні з гучнай музыкай і выкарыстаньнем атрыбутыкі разнастайных рэлігійных плыняў. Многія зь іх былі ў голым выглядзе пры малалетніх дзецях», — заявілі ў МУС.

Як паведамляў канал «Расоны онлайн», «дакладную лякацыю збору арганізатары трымалі ў сакрэце. Каардынаты перадавалі ў закрытым чаце».

«Група заехала ў лес некалькі дзён таму і плянавала правесьці абрад, але міліцыя сарвала гэтыя пляны», — дадалі ў расонскім канале.

Дазволу на правядзеньне фэстывалю «Сям’і вясёлкі» не было, паведамілі «Расоны онлайн».

МУС паінфармавала, што ў дачыненьні да ўдзельнікаў пачалі адміністрацыйны працэс за «парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (артыкул 24.23 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях). Санкцыя прадугледжвае 6750 рублёў штрафу, грамадзкія працы або арышт.

Паводле інфармацыі «Віцебскай Вясны», на затрыманых склалі пратаколы за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і папярэдзілі, што цягам двух месяцаў іх чакае суд.

На месцы лягеру пад Расонамі. Фота МУС РБ

Як расказаў Свабодзе Антон, на 30 ліпеня амаль усіх затрыманых адпусьцілі. Паводле ягоных зьвестак, да сем’яў зь дзецьмі ставіліся лагодна, хутка аформілі і адпусьцілі. Над некаторымі ўжо правялі адміністрацыйныя суды і далі вялікія штрафы, кажа ён.

«Прэтэнзіяў (у сілавікоў — РС) да падзеі няма, маўляў, гэта не палітыка і нічога страшнага. Відаць, разагналі, абы разагнаць», — пракамэнтаваў сытуацыю ён.

Антон таксама дадаў, што, паводле ягонай інфармацыі, удзельнікаў фэстывалю з Расеі дэпартуюць і забароняць ім уезд у Беларусь на год.

МУС дало справаздачу таксама пра затрыманьне нібыта арганізатараў імпрэзы — 23-гадовай дзяўчыны і 52-гадовага мужчыны зь Менску.

Антон аспрэчвае саму фармулёўку «арганізатары». Ён сьцьвярджае, што на такіх фэстывалях дзейнічае самаарганізацыя, арганізатараў няма. Да таго ж гэтыя падзеі заўжды бясплатныя для ўдзельнікаў. Ён адзначае, што лёс дваіх людзей, якіх МУС прызначыла арганізатарамі падзеі, пакуль няясны.

«Выключна самаарганізацыя. Выключна валянтэрства для ўсіх. Кожны ўкладаецца сваімі сіламі. Прыяжджаюць зусім розныя людзі, розных прафэсіяў. І бедныя студэнты, і музыканты, і багатыя юрысты, і бізнэсоўцы. Але на сходзе мала размоваў аб працы. Звычайна людзі камунікуюць пра людзей», — расказвае ён.

Як стала вядома Свабодзе, усе сем'і, якія былі на фэстывалі зь дзецьмі, паставілі ў сацыяльна-небясьпечнае становішча (СОП). Калі частку затрыманых разьмясьцілі ў Расонскі Дом культуры прыкладна на суткі 29-30 ліпеня, там людзі спалі проста на сцэне.

«Для мяне гэта быў іншы сусьвет»

Прадпрымальнік Валеры Астрынскі расказаў Свабодзе, што ў 2023 годзе наведваў зьлёт «Сям’і вясёлкі» у Івейскім раёне. Ён тады акурат адбываў на хутары побач з фэстам «хатнюю хімію». Гэта было незвычайнай падзеяй для жыхароў вёсак паблізу. Яны бачылі, як зьяжджаюцца людзі з дрэдамі, гонгамі.

«Я туды адразу ўпісаўся. Пазнаёміўся зь людзьмі, якія пачалі прыяжджаць. Пачаў ім нешта дапамагаць. Для мяне гэта быў іншы сусьвет. Я даведаўся, што гэта міжнародны варушняк, якому больш за 50 гадоў. Ён зьявіўся ў Амэрыцы, калі там былі гіпі. «Вясёлка» праходзіць у кожнай краіне, у якой ёсьць прыхільнікі. Раз у год яны праводзяць зьлёт. Уся гэтая штука дэцэнтралізаваная. Там няма аднаго лідэра, арганізатара», — расказвае Валеры.

Валер Астрынскі, былы палітвязень, бізнэсовец

Ён працягвае: месца пад зьлёты выбіраюць далей ад населеных пунктаў пасьля агульнага абмеркаваньня. Хтосьці прыяжджае першым, наладжвае «інфраструктуру»: нацягвае тэнты, робяць кухню, вогнішча, плянуюць туалеты. Прыкладна на пяты дзень сабраліся ўжо некалькі сотняў чалавек, сярод іх былі расейцы. Прыкладна праз тыдзень лягер заўважылі рыбакі, лесьнікі.

«У вёсцы я быў асноўны «злодзей». Міліцыянты да мяне часьцяком прыяжджалі. То прыяжджае спалоханы мясцовы ўчастковы: «Валера, што там адбываецца? Можа, гэта ты там усё арганізаваў?» Для іх (вяскоўцаў — РС) вялікі стрэс, калі там зьбіраецца нейкая кампанія, большая за 10 чалавек. Значыць, будзе там п’янка, мардабой, выклікі міліцыі. Для ўчастковага гэта таксама стрэсавая сытуацыя», — разважае Валеры.

Астрынскі тлумачыў мясцовым, што гэта людзі, якія вядуць здаровы лад жыцьця — без алькаголю і наркотыкаў, беражліва ставяцца да прыроды. Пасьля іх, на ягоную думку, лес заставаўся ў лепшым стане: яны ня секлі дрэваў, зьбіралі сухастой на вогнішча, парадкавалі сьцежкі. Ён дадае, што ў асяродзьдзі гіпі лічыцца кепскім тонам камунікаваць зь дзяржаўнымі службамі, прасіць дазволу на такія сустрэчы.

Урэшце івейскі ўчастковы паехаў праверыць намётавы гарадок.

«Ён, вядома, хваляваўся, бо 2023 год, у Менску карпаратываў ніякіх не праводзяць без гастролькі (афіцыйнага дазволу на гастролі. — РС), а тут нейкія людзі. Ён паехаў, пачаў у іх пашпартныя зьвесткі правяраць. Яны ж у шыхт не становяцца, па ўсім лесе раскіданыя.

Там цяжкі даезд, ён на сваім УАЗіку захрас у гразі. Потым напісаў у выканкам, што там нейкі варушняк. І ўжо на наступны дзень цэлая камісія з выканкаму прыехала: галава выканкаму, ідэалягічны аддзел, пажарнікі, лесьнікі, МУС, ДАІ», — успамінае Валеры.

Прадстаўнікі гіпі выйшлі пагаварыць з уладамі, патлумачылі свой здаровы лад жыцьця. Правяральнікі ўбачылі, што ў намётавым мястэчку няма алькаголю ці забароненых рэчываў, няма шумнай музыкі з калёнак, а таксама бел-чырвона-белых сьцягоў ці іншых палітычных сымбаляў.

На размовы з участковым адна зь дзяўчат выйшла топлес, чым зьбянтэжыла міліцыянта. Ён паставіў каля лягера шыльду «Купацца забаронена». Тады нікога не затрымлівалі, успамінае Астрынскі, бо, магчыма, у раённым цэнтры не хацелі розгаласу. Лесьнікі раз на некалькі дзён прыяжджалі праверыць зьезд, пажарную бясьпеку, нават прывозілі ім дровы.

«Усё прайшло па-ціхаму», — падсумоўвае Валеры.

Маштабныя затрыманьні на адпачынку

Падобныя масавыя затрыманьні людзей, якія зьбіраліся, каб разам адпачыць або адсьвяткаваць нешта, ужо здараліся раней у Беларусі.

Сёлета ў сакавіку ў Гомлі затрымалі ўдзельнікаў традыцыйнага беларускага абраду «Гуканьне вясны». Некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку дзеці, сабраліся на сьвяткаваньне ў дворыку рэстарацыі. На імпрэзу яны атрымалі дазвол ад абласных уладаў. Аднак пасьля імпрэзы ўдзельнікаў затрымалі. Адзін з іх атрымаў 15 дзён арышту, пяць чалавек — штрафы па 4500 рублёў і адзін штраф у 6750 рублёў. Сярод аштрафаваных аказаўся і ўчастковы міліцыянт, які браў удзел у сьвяткаваньні. Празь некалькі месяцаў, у траўні, асудзілі яшчэ траіх удзельнікаў «Гуканьня вясны».

У Віцебску ў 2025 годзе затрымалі больш за 300 іншаземцаў — студэнтаў з Шры-Ланкі, якія сабраліся разам адзначыць нацыянальны Новы год. Сотні юнакоў і дзяўчат зладзілі традыцыйную супольную імпрэзу. Яны ня ведалі, што ў Беларусі на такія сьвяткаваньні трэба атрымліваць дазвол, нагадала «Віцебская Вясна». Студэнтаў-іншаземцаў абвінавацілі ў «несакцыянаваным масавым мерапрыемстве».

У жніўні 2021 году на дзень нараджэньня сьпявачкі Надзеі Калач, вакалісткі фэнтэзі-фолк-гурту Irdorath, прыехалі ГУБАЗіК і САХР з дронам і стралянінай. Тады затрымалі 16 чалавек. На шасьцёх зь іх завялі крымінальныя справы за ўдзел у маршах пратэсту ў жніўні 2020 году, потым яны атрымалі турэмныя тэрміны. Яшчэ на 10 чалавек склалі адміністрацыйныя пратаколы аб непадпарадкаваньні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)