У Беларусі падымалі авіяцыю праз расейскія гібрыдныя дроны «Бандэроль»
Адразу некалькі ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, якія падчас расейскіх атак адсочваюць рух дронаў і ракет з Расеі, паведамілі, што раніцай 22 жніўня на тэрыторыю Беларусі заляцелі сама меней 12 расейскіх дронаў «Бандэроль». Радыё Свабода расказвае, што адбылося і чым небясьпечныя гэтыя дроны.
Імаверна, іх рух адбываўся ўжо з тэрыторыі Ўкраіны.
Згодна з інфармацыяй украінскіх каналаў, з аэрадрому Баранавічаў падымалі вайсковы самалёт. У той жа час няма зьвестак аб тым, як расейскія бесьпілётнікі абясшкодзілі — зьбілі ці ўзьдзейнічалі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.
У якіх кірунках рухаліся расейскія дроны
Паводле Telegram-каналу «Ринда моніторить», «Бандэролі» пачалі рухацца ў бок Беларусі з 4-й раніцы. Інфармацыя аб першым дроне, накіроўвася ў кірунку зьліквідаванай пасьля чарнобыльскай катастрофы вёскі Чыкалавічы Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці, зьявілася а 04:01.
А 04:04 — на вёску Ўласы Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці.
А 04:06 і 04.15 — дзьве «Бандэролі» на Нароўлю (Гомельская вобласьць). Адна зь іх адразу ўзяла курс на Мазыр.
Ад дроне на Петрыкаў (Гомельская вобласьць) інфармацыя зьявілася а 04:24.
У кірунку аграгарадка Скрыгалаў (Брагінскі раён, Гомельская вобласьць) «Бандэроль» зафіксавалі а 04:28.
А 04:28 — яшчэ адзін дрон на Петрыкаў, а 04:36 — на Радкаў Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці, а 04:41 — на Капаткевічы Петрыкаўскага раёну.
А 04:45 зьявілася інфармацыя аб «Бандэролі», што рухалася ў бок мястэчка Азарычы Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Паводле ўкраінскага маніторынгу, менавіта там у паветра паднялі зьнішчальнік Су-30.
Празь дзьве гадзіны пасьля гэтага — а 066:22 зьявілася інфармацыя аб расейскім дроне ў раёне Ельску (Гомельская вобласьць), а 06:30 — на Мазыр.
Яшчэ адзін украінскі маніторынгавы канал а 04:33 аб дроне ў раёне ракі Пціч паведаміў і а 04:40 — у Капаткевічах (імаверна, гэта той жа дрон, аб якім а 04:41 паведамляў першы канал). Паводле каналу «ЄРадар», а 04:42 з аэрадрому ў Баранавічах у паветра падняўся яшчэ адзін вайсковы самалёт.
Што вядома пра расейскія дроны «Бандэроль»
Дроны «Бандэроль» — гібрыд малагабарытнай крылатай ракеты і рэактыўнага ўдарнага дрону. Ён мае хуткасьць да 650 кілямэтраў на гадзіну і здольнасьць перагружаць супрацьпаветраную абарону.
Далёкасьць палёту гэтага дрону складае 500 кілямэтраў, ён можа несьці да 50 кіляграмаў выбухоўкі.
У сілах супрацьпаветранай абароны Ўкраіны неаднаразова заяўлялі, што галоўная небясьпека «Бандэроляў» у тым, што іх праз рэактыўны рухавік і высокую хуткасьць складана перахапіць мабільнымі групамі. Для зьбіцьця гэтага віду бесьпілётнікаў патрэбныя больш складаныя зэнітныя комплексы.
Апроч таго, гэтыя ракеты-дроны маюць вялікую плошчу аскепкавага паражэньня цэляў.
Вядома сама меней два выпадкі, калі «Бандэролі» заляталі на тэрыторыю Малдовы. У адным выпадку ён пацэліў у дрэва, але ад выбуховай хвалі тады моцна пацярпелі прыватныя будынкі аднаго з населеных пунктаў. Пасьля гэтага выпадку Кішынёў адклікаў свайго пасла з Расеі.
Чаму гэта важна
21 траўня ў Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікалі часовага паверанага Літвы ў Беларусі Эрыкаса Вілканецаса і заявілі яму рашучы пратэст праз тое, што, маўляў, Літва нічога не зрабіла, каб папярэдзіць пранікненьне на беларускую тэрыторыю ўкраінскага дрону, які першапачаткова накіроўваўся ў бок Расеі. У пратэсьце ішлося пра інцыдэнт, што нібыта меў месца 17 траўня.
У той жа час Беларусь нічога ня робіць з расейскімі дронамі, якія «ўваходзяць» ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі. Нават наадварот — раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прадстаўнікі Міністэрства абароны Ўкраіны заяўлялі, што Беларусь дапамагае Расеі накіроўваць яе дроны на ўкраінскія тэрыторыі.
Дзяржаўныя СМІ паведамляюць аб атаках украінскіх сіл па тэрыторыі Расеі, але ніколі не згадваюць, што расейскія дроны атакуюць Украіну праз тэрыторыю Беларусі і ў некаторых выпажках вяртаюцца на беларускую тэрыторыю пасьля абясшкоджваньня сродкамі радёэлектроннай барацьбы Ўкраіны.
17 верасьня 2024 году Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што расейскія дроны залятаюць у Беларусь. Пазьней ён тлумачыў залёт БПЛА ў Беларусь недасьведчанасьцю апэратараў і казаў, што «некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расеі, і з боку Ўкраіны». Паводле Лукашэнкі, гэтыя пытаньні ў Беларусі вырашаюць «на ўзроўні спэцыялістаў, не выносячы ў публічнае поле». Такія дамоўленасьці, паводле Лукашэнкі, нібыта былі дасягнутыя з абодвума бакамі.
Зь ліпеня 2024 году рэсурсы, якія спэцыялізуюцца на маніторынгу ваеннай сытуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварваньня ў паветраную прастору Беларусі бесьпілётнікаў, якімі Расея атакуе Ўкраіну.
У ноч на 5 верасьня некалькі дронаў зьбілі над Гомлем, абломкі аднаго зь іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушанае прызнаць факт парушэньня мяжы дронамі, але не назвала, каму яны належалі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное