«Была не проста яркай – адной з найярчэйшых фігур усяго беларускага грамадскага жыцця»

Беларусы па ўсім свеце смуткуюць у сувязі з адыходам з жыцця пісьменніцы Святланы Курс. Гучаць сотні і сотні добрых слоў. Публікуем некаторыя.

Пісьменніца, вядомая пад псеўданімам Ева Вежнавец, доўга змагалася з анкалагічным захворваннем. Яна памерла 20 ліпеня.  

«Ішла на вечным пазітыве, са смехам і жартамі»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч: «Са Святлнанай Курс мне не давялося ніколі бачыцца ўжывую. І ўжо не давядзецца. Здаецца, і асяродкі ў нас вузкія, але ж вось неяк умудрыліся заўсёды хадзіць рознымі сцежкамі і нідзе ў рэале не перасячыся.

Але ў эпоху сацсетак ёсць таксама жыццё віртуальнае, і вось у ім мы не толькі больш за дзесяцігоддзе рэгулярна перасякаліся, але і знаходзіліся на адной хвалі. Усё ж такі і розніца ва ўзросце ў нас не надта вялікая, і вытокі падобныя – нараджэнне ды ўзгадаванне на вёсцы хай сабе ўжо і з перабітым хрыбетнікам, але яшчэ з захаваннем рэштак старога свету, пераплеценага з новым, пра што любілі пры нагодзе ўспомніць і я, і яна. Аднак не толькі гэта злучала і прыцягвала, натуральна – мы мелі блізкія погляды і на шэраг іншых рэчаў.

Хто ведае, можа якраз і добра, што мы так і не развіртуаліліся і засталіся пры сваіх вобразах, успрыманых праз манітор. Не перажылі расчаравання, як гэта часта бывае, што ў рэале чалавек аказаўся не гэткі, як у віртуале.

У фэйсбуку ж мы адно аднаго шанавалі, і нават працоўная перапіска па прывядзенні яе тэкстаў для «Нашай гісторыі» да фармату часопіса – якраз яе перачытаў пры нагодзе, –  ішла на вечным пазітыве, са смехам і жартамі. Прыемна ды весела мне было з ёй працаваць. Спадзяюся, ёй са мной таксама.

Сама ж хвароба Святланы Курс і такая ранняя смерць у яе выніку, канешне, з'ява трагічная не толькі ў персанальным, але і ў грамадскім вымярэнні. Я звычайна стараюся пазбягаць залішняга пафасу, але не думаю, што ў гэтым выпадку будзе перабольшаннем сказаць, што Ева Вежнавец была не проста яркай, але адной з найярчэйшых фігур не толькі сучаснай беларускай літаратуры, але і ўсяго беларускага грамадскага жыцця – прытым цікавай не толькі беларусам, але і замежнікам.

У нас такіх людзей вельмі няшмат, на жаль, а таму і заўчасны сыход у маладым веку кожнага такога стварае вялікі прагал у шыхтах. Які не факт, што ўдасца камусьці паўнавартасна ў найбліжэйшы час запоўніць. Кажучы някляеўскімі радкамі з калісьці вядомай песні: «Як зямля мая стагнала, плакалі каменні, як было і так нас мала і як стала меней».

Ну, але што ж рабіць, тут акурат сталася тое, над чым мы ўлады не маем. То зямля пухам і вечная памяць!»

«З яе непамернай любоўю да людзей, глыбокім унутраным светам і такімі не падобнымі ні на каго поглядамі і стылем расповедаў»

Грамадзянская актывістка і гендарная экспертка Юлія Міцкевіч: «Гэта было вялікае шчасце і асалода быць знаемай са Светай асабіста, сустракацца раз пораз, гутарыць, дыскутываць і смяяца разам, быць суразмоўцай з ей на інтэрв’ю, калі нас запрашалі разам на Радые Свабода, размаўляць пра ролю жанчын у беларускім грамадстве.     

Яна змагалася да апошняга і верыла да апошняга, што зможа перамагчы, як і заўседы ў яе жыцці. 

Яна была таленавітай не толькі ў літаратуры, але і проста ў жыцці, з яе непамернай любоўю да людзей, глыбокім унутраным светам і такімі не падобнымі ні на каго поглядамі і стылем расповедаў.

Хай будзе вечным супакой тваей душы, мне будзе цябе вельмі не хапаць, даражэнькая Света».

«Чамусьці так заведзена, што рана сыходзяць таленавітыя, яркія, вольныя і прыгожыя»

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч: «Сышла ў лепшы сьвет беларуская пісьменьніца Сьвятлана Курс (Ева Вежнавец). Спачуваю яе родным і сябрам.

Чамусьці так заведзена, што рана сыходзяць таленавітыя, яркія, вольныя і прыгожыя, а няздары, падлюгі і дробныя сволачы жывуць доўга. Затое ад першых штосьці застаецца – напрыклад, кнігі.

Са Сьвятланай мы былі знаёмыя даўно, ды ўсё неяк па два словы, усё недаверліва ды асьцярожна. Вядома, мы стараліся падтрымаць яе, калі даведаліся пра хваробу. І нават пасьпелі выступіць на адной сцэне – у сьнежні мінулай зімой размаўлялі зь Юляй і Сьветай пра Купалаўцаў у Люблінскім унівэрсытэце. Зусім нядаўна.

Цяпер гляджу на гэтыя фота і ўспамінаю жывы голас чалавека, які сядзеў побач. І хачу падзяліцца вось чым: на старонцы Litradio ёсьць сэрыя падкастаў «Адкуль бяруцца кнігі», запісаных некалькі гадоў таму, і па гэтай вось спасылцы можна пачуць голас Сьвятланы Курс і яе думкі ды згадкі – больш чым гадзінная размова, якая цяпер больш чым размова».

«Яна незаменная»

Культуролаг Юлія Чарняўская: «Замаўчаў адзін з самых яркіх і таленавітых беларускіх галасоў сучаснасці. Яна незаменная. I такая яшчэ маладая... Балюча».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(24)