Церашковіч: «Усе імперыі распаліся. Апошняя імперыя — гэта Расія. І нікуды яна не дзенецца»

Гісторык — пра галоўную пагрозу для беларусаў.

Гісторык Павел Церакшовіч у чарговым выпуску канала ЧастнОК-LIVE разважае пра пагрозу «русского мира» для Беларусі.

«Калі коратка, то «русский мир» — гэта нагода дакапацца да суседа», — заўважае ён і нагадвае, што Расія працягвае дакопвацца да Беларусі.

Паводле ідэлогаў «русского мира», нагадвае гісторык, расійская дзяржава павінна патрабаваць ад краінаў, дзе больш траціны насельніцтва карыстаецца рускай мовай, значных саступак: статуса дзяржаўнай мовы для рускай, ці нават федэралізацыі.

Ці стала Беларусь, дзе пераважная большасць размаўляе па-руску, часткай «русского мира», задаў пытанне госцю аўтар канала Аляксандр Івулін.

«Пакуль не. Але спробы дакалупацца робяцца ўсё больш моцнымі», — мяркуе Церашковіч. І прыводзіць трывожныя прыклады. 

У нашай краіне дзейнічае рэкордная колькасць дыпламатычных структур РФ, столькі ў астатнім свеце ёсць толькі ў Кітаі, падкрэслівае гісторык.

Акрамя таго, як грыбы растуць філіялы экспансіянісцкай арганізацыі «Россотрудничество». Таленавітых студэнтаў з Беларусі прывабліваюць спакушальнымі ўмовамі навучання ў Расіі — ад стыпендый да аплаты праезда да месца вучобы.

Лукашэнка шчыра верыць у ідэі крамлёўскіх імперцаў, ці ўдала выдае сябе за прыхільніка «русского мира»?

Гісторык лічыць, што слушна казаць пра прыхільнасць да савецкага мінулага: «Ён глыбока савецкі чалавек, ён там і застаўся. У якой ступені ён прыхільнік «русского мира», я не скажу, але тое, што ён вораг беларускай мовы і культуры, гэта абсалютна відавочна».

Што дае надзею гісторыку Паўлу Церашковічу? Па яго словах, практычна ўсе апытанні ўнутры Беларусі за апошнія гады і нават дзесяцігоддзі сведчаць пра тое, што пераважная большасць беларусаў не жадае, каб наша краіна стала часткай Расіі. Ёсць невялікая частка грамадства, якая пра гэта марыць, але яна стабільна малая — 4-5%.

«Так, вялікая колькасць [беларусаў] схіляецца да таго, што трэба быць бліжэй да Расіі, чым да краінаў Еўразвязу. Але гэта залежыць ад часу, ад канкрэтнай сітуацыі.

Бывала і так, што многія хацелі сябраваць з Еўразвязам. Або, што ўвогуле вельмі па-беларуску, і з Еўропай, і з Расіяй», — падкрэсліў гісторык.

Усе імперыі распаліся. Апошняя імперыя — гэта Расія. І нікуды яна не дзенецца.

Павел Церашковіч нагадвае, што сталінскія рэпрэсіі, спусташальная Другая сусветная вайна і паваеннае аднаўленне Беларусі, якое суправаджалася татальнай русіфікацыяй, катком прайшлі па надзеях на нацыянальнае адраджэнне.

Але ў 1970-х з’явіліся маладыя людзі, згуртаванні, таемныя сходы. Так пачаўся рух аднаўлення, з якога выйшлі новыя лідары. І каб гэтага не было, то не было б і каму прамовіць слова «незалежнасць» у Вярхоўным Савеце.

«Гэта натхняе, бо азначае, што сітуацыя можа змяніцца ў момант. І здавалася б — Беларусь павінныя былі знішчыць яшчэ ў XVII стагоддзі, а мы пакуль жывём», — падсумоўвае гісторык.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)