Общество
Сяргей Гезгала, «Наша Ніва»

Выйшаў Псалтыр па-беларуску — справа жыцця айца Аляксандра Надсана

Айцец Аляксандр Надсан жыў у Лондане, але душа яго была ў Беларусі.

Фота Дзяніса Раманюка

Ён пераклаў на беларускую мову літургічныя тэксты ўсходняй традыцыі. Беларуская праваслаўная царква — калі б яна была беларускай — магла б браць гатовае і карыстацца.

А справай апошніх гадоў жыцця для яго стаў пераклад Псалтыра. І вось гэта кніга выйшла па-беларуску. Гэта грандыёзная праца.

Прэзентацыя кнігі адбудзецца 9 жніўня а 19-й гадзіне ва ўніяцкім Душпастырскім цэнтры Праведнага Язэпа ў Мінску (вул. Арджанікідзе, д. 6, ст. метро «Аўтазаводская»).

Прэзэнтацыя прыўрочана да 90-х угодкаў з дня яго нараджэння.

На пачатку адбудзецца Боская Літургія і Паніхіда.

Айцец Аляксандр Надсан адышоў да вечнага жыцця 15 красавіка 2015 года ў Лондане.

Над выданнем працавалі, сярод іншых, пераемнік айца ў лонданскай царкве айцец Сяргей Стасевіч і бібліст айцец Сяргей Сурыновіч з Друі.

Карэктуру рабіла Крысціна Курчанкова, а ўступную і заключную малітву рыхтаваў айцец Аляксандр Аўдзяюк.

Стылізаваную арнаментальную літарку на вокладцы выканала мастачка Алена Ткачова.

Адмысловы шрыфт на падставе кнігаў Скарыны распрацаваў для кнігі Антон Брыль, унук Янкі Брыля.

* * *

Шчаслівы той, хто на раду да нязбожных не ходзіць,* і на шляху грэшнікаў не стаіць,* і не сядзіць на сходзе распуснікаў;

Але ў законе Гасподнім знаходзіць асалоду,* над Ягонымі законамі разважае дзень і ноч.

Ён, быццам дрэва, пасаджанае над паўнаводнай крыніцай,* што дае плод у свой час, і лісце якога не вяне.*

Усё, што ён робіць,* удаецца яму.

Не гэтак нязбожныя, не гэтак:* яны, быццам мякіна, якую вецер разносіць.

Не выстаяць нязбожныя на судзе,* ані грэшнікі на сходзе праведных.

Бо Госпад ведае шлях праведных,* а шлях нязбожных згіне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)